Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыкль "Свабоды": партрэты затрыманых на Кастрычніцкай плошчы


Радыё Свабода, Менск Радыё Свабода на тыдні пачало новы цыкль перадачаў, прысьвечаных людзям, якія пасьля разгрому намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя. Зараз мы прапануем вам агляд гэтых перадачаў.

Сярод тых, хто трапіў на Акрэсьціна за ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы – 20-гадовы Антон Тарас, студэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту. Ён быў затрыманы днём 23 сакавіка, калі пасьля ночы на плошчы вяртаўся дадому.

Маці Антона, журналістка Алена Лукашэвіч, распавядае пра тое, як яна з мужам, Віталем Тарасам, доўга шукала сына. Потым яны доўгі час чакалі ля Акрэсьціна, каб перадаць Антону рэчы.

(Алена Лукашэвіч: ) “Мы з мужам правялі адзінаццаць гадзінаў пад разьмеркавальнікам, каб перадаць яму цёплую вопратку, нейкую ежу, але ніводнай перадачы не ўзялі”.

Гэта ўдалося зрабіць толькі 25 сакавіка – якраз на Дзень Волі. Алена Лукашэвіч выдатна ведала, у якіх умовах знаходзіўся ейны сын, бо сама была там. Кажа: можна зьмірыцца з холадам у камэрах, з дрэннай ежай, каб не...

(Алена Лукашэвіч: ) “...каб ня гэтыя людзі, якія там працуюць – яны размаўляюць з табой, глядзяць на цябе... Быццам ты нейкі злодзей, злачынца... І гэта ўсё настолькі жахліва, што ўжо становіцца абсалютна неістотным, якія там сьцены, краты, падмуркі ўсе... Я спадзяюся, што нашыя дзеці моцныя – яны ўсё вытрымаюць...”

27 сакавіка Ленінскі суд сталіцы асудзіў колішняга амбасадара Рэспублікі Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча на 15 сутак арышту. Былы дыплямат заявіў: ён ганарыцца сваім удзелам у падзеях 24 сакавіка, калі ўлады зьліквідавалі намётавы лягер...

Прыкладна за гадзіну да таго, як на Плошчы зьявіліся “аўтазакі”, карэспандэнту Свабоду Аляксандру Ўліцёнку давялося пагутарыць са спадаром Марыюшам.

(Карэспандэнт: ) “Чую, Вы на плошчы?”

(Машкевіч: ) “Так, на ёй!”

(Карэспандэнт: ) “Як дабраліся да нас – ці былі праблемы на мяжы?”

(Машкевіч: ) “Спакойна, нават зьдзівіўся, што так прапусьцілі нармальна”.

(Карэспандэнт: ) “І чым гэта тлумачыце?”

(Машкевіч: ) “Мо не заўважылі? Я не з дыпляматычным пашпартам быў, а з такім турыстычным...”

Марыюш Машкевіч зьбіраўся прыехаць у Беларусь назіральнікам, аднак трапіў у краіну толькі ў якасьці турыста.

(Машкевіч: ) “Я проста хачу падтрымаць людзей, прыняць удзел у тым, што параўноўваю зь дзейнасьцю Махатмы Гандзі, зь іншымі рухамі, скіраванымі на змаганьне з дыктатурай. Зь любым гвалтам. Я прыехаў гадзіну таму, і адразу сюды, на плошчу”.

У маладосьці спадар Машкевіч быў адным з заснавальнікаў радыкальнай антыкамуністычнай арганізацыі “Пакой і воля” ў Кракаве. Плятформа гэтай партыі, як жартавалі самі палякі, была такая: правей – толькі сьцяна...

Журналістка “Нашай Нівы” Тацяна Сьнітко пасьля пяці сутак “адседкі” ў Жодзіне выйшла на волю. У Тацяны двое непаўналетніх дзетак, таму яна атрымала мінімальны тэрмін. Што прывяло яе на Кастрычніцкую плошчу?

(Сьнітко: ) “Я павінна бачыць з самага пачатку і да самага канца жыцьцё людзей на гэтай плошчы. Я павінна была валодаць гэтай інфармацыяй, таму што я разумела, што ўлады пры горшым разьвіцьці падзеяў паспрабуюць усё гэта зганьбіць. Так і адбылося. Па-другое, я адчувала такое грамадзянскае пачуцьцё, якое штурхала мяне прысутнічаць. Нават і ня ведаю, што пераважала”.

Па жыцьці Тацяна – экстрэмалка. Некалькі гадоў таму яна паехала ў гарачы пункт – Чачню. Пра Тацяну Сьнітко ўзгадвае намесьнік рэдактара “Нашай Нівы” Андрэй Скурко.

(Скурко: ) “Калісьці ў “Нашай Ніве” друкаваліся яе рэпартажы з Каўкаскай вайны. Гэта ня першая яе акцыя. У яе рэдкая (была, напэўна, да апошніх дзён) рыса – умее размаўляць з самымі маўклівымі прадстаўнікамі сілавых ведамстваў. Яна наўпрост падыходзіць да спэцназаўцаў і пытаецца: “Як схадзіць ў інтэрнэт-кавярню, каб мяне не забралі?” Ёй тлумачаць… Гэта пры тым, што яна маці дваіх дзяцей. Такіх людзей звычайна Бог ахоўвае. Будзем спадзявацца, што так будзе і надалей”.

27 сакавіка Кастрычніцкі суд сталіцы асудзіў сябру Палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціну Палевікову на 15 сутак арышту. У тую апошнюю ноч Валянціна Палевікова, маці двох дарослых дзяцей, у якой трое ўнукаў, была на Кастрычніцкім пляцы. Распавядае сяброўка Валянціны Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) “Яна мяне запрашала на пляц у тую ноч. Яна была ўпэўненая, што нас схопяць, “але трэба ж гэтых дзяцей падтрымаць...” Я сказала Валянціне, што не магу, ёсьць іншыя абавязкі. Яна ўжо ведала, на што ідзе. Бачна было, што яна ахвяруе, але гэта быў такі ўздым!”

Студэнт другога курсу Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Аляксандар Квіткевіч нядаўна скончыў пераклад папулярнага фантастычнага твору “Хронікі Нарніі” з ангельскай на беларускую мову, каб выдаць кнігу ў Беларусі. За ўдзел у начной дэманстрацыі з 20 на 21 сакавіка атрымаў сем сутак. Пры мэдычным аглядзе па вяртаньні з-за кратаў у Аляксандра дыягнаставалі запаленьне лёгкіх.

На плошчу 20 сакавіка Аляксандра прывяла асабістая грамадзянская пазыцыя.

(Квіткевіч: ) “Сама палітыка мяне ня столькі цікавіла, колькі тое, што мяне зноў падманулі. І гэта крыўдна – немач гэтая, калі немагчыма нешта зрабіць, роспач зьяўляецца проста страшэнная. Але зьмяніць нешта хочацца – каб ад людзей нешта залежaла, каб зь іхнымі галасамі лічыліся".

Аляксандар сьведчыць, што дарога ў вязьніцу стала асобным выпрабаваньнем.

(Квіткевіч: ) “Пачалі дэманстраваць фотаздымкі на дысплэі тэлефона – там былі целы забітых. Яны казалі: “Вось мы такое ўчынілі людзям... Бачыце, куды вы трапілі, што з вамі будзе? Гэта – наша ранейшая работа”.

Аляксандар Квіткевіч упэўнены, што справа, якую пачаў беларускі Майдан, будзе жыць. Сёньня ўсе ягоныя думкі пра тых, хто пакуль што застаецца за кратамі, думкі пра тое, як наладзіць перадачы для зьняволеных.
XS
SM
MD
LG