Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М.Гокс: трэба адкрыць шараговым беларусам межы Эўразьвязу


Кастусь Бандарук, Прага Газэта “Moscow Times” зьмясьціла ўчора артыкул пад загалоўкам "Хто павінен, а хто не павінен падарожнічаць?" Малькальм Гокс, дасьледчык з праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch", лічыць, што забарона на ўезд у заходнія краіны беларускіх чыноўнікаў і абмежаваныя эканамічныя санкцыі не дадуць вынікаў. Заміж гэтага трэба адкрыць шараговым беларусам межы Эўразьвязу для вучобы, працы і заробку.

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў і брутальнага здушэньня дэмакратычных дэманстрацыяў у Беларусі рэакцыя Захаду зразумелая і цалкам прадказальная. Эўразьвяз і ЗША ўводзяць забарону на ўезд беларускіх чыноўнікаў і разглядаюць таксама магчымасьць увядзеньня абмежаваных эканамічных санкцыяў.

Аднак такое ўжо было пасьля рэфэрэндуму 2004 году і не дало спадзяванага выніку, – піша Малькальм Гокс. Досьвед Іраку, Кубы і Балканаў паказвае, што эканамічныя санкцыі не адхілілі тамтэйшых дыктатараў ад улады, затое моцна ўдарылі па шараговых грамадзянах, прывялі да росквіту чорнага рынку і эканамічных кантрастаў.

Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі толькі захавалі б і нават умацавалі б палітычны статус-кво. Яны толькі выразьней паказалі б, наколькі рэжым Лукашэнкі эканамічна і палітычна залежны ад падтрымкі з боку Расеі. Паводле Масквы, Беларусь заўсёды была і павінна заставацца ў расейскай сфэры ўплыву. Гэта значыць, што ў выпадку эканамічных санкцыяў з боку Захаду Масква будзе вымушаная кампэнсаваць Беларусі страты, выкліканыя санкцыямі, хаця б у выглядзе танных паставак энэрганосьбітаў.

Дэмакратычная рэвалюцыя ў Беларусі не атрымалася, бо пасьля працяглага аўтарытарнага кіраваньня беларуская апазыцыя выразна аслабленая. Яна наагул слабейшая, чым у Грузіі і на Ўкраіне, – лічыць Малькальм Гокс. Аднак апошнія дэманстрацыі ў Менску паказалі, што ў яе значны патэнцыял. Дэмакратычны рух разгромлены, але агеньчык тлее, і яго трэба разьдзьмуваць.

Разам з забаронай на ўезд у краіны Эўразьвязу для беларускіх чыноўнікаў трэба, замест дарагіх і недаступных візаў, увесьці палегчаны візавы рэжым для шараговых беларусаў. Яны павінны мець магчымасьць працаваць, вучыцца і гандляваць з суседнімі кранамі, як гэта было да ўступленьня суседніх зь Беларусьсю краінаў у Эўразьвяз. Тое, што звычайныя беларусы ўбачаць на свае ўласныя вочы ў новых дэмакратыях з рынкавай эканомікай, лепш за ўсе аргумэнты паўплывае на іхны мэнталітэт. Яны ўсьвядомяць анахранічнасьць цяперашняй сыстэмы ў Беларусі, і ў іх узрасьце жаданьне зьменаў. Магчымасьць падарожжаў і працы ў Эўразьвязе пры адначасовай забароне ўезду для кіруючай эліты будзе для ўсіх моцным сыгналам, – лічыць Малькальм Гокс.

Зразумела, што пасьля такіх крокаў нельга спадзявацца, што ў Беларусі за адну ноч адбудзецца “каляровая рэвалюцыя”, піша аналітык "Human Rights Watch". Аднак адкрыцьцё дзьвярэй у Эўропу дасьць беларускай апазыцыі той імпульс, якога ёй выразна не хапала ў апошнія дні, і гэтага парыву ўжо нельга будзе спыніць.
XS
SM
MD
LG