Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік – Андрэй Хадановіч


Андрэй Хадановіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае паэт Андрэй Хадановіч.

Субота, 25 сакавіка, Дзень Волі

Зь вядомых прычын лічу патрэбным шыфраваць герояў сваіх нататак ініцыяламі. Вось жа:

Зранку дамаўляюся аб сустрэчы каля 12.00 зь пісьменьнікам А. і філёзафам А. на ганку рэстарацыі “П.-Л.” Прыходжу, а там ужо не па-сёлетняму горача. Група мірных амонаўцаў адпіхвае ад Кастрычніцкай плошчы вялікі натоўп — канечне, з добрай мэтай, бо там кагадзе залілі каток і нехта мог бы пасьлізнуцца. Але пасьлізнуцца хацелі дзясяткі тысяч. Прыйшлося адпіхваць.

Філёзаф А., турыст і мітынговец са стажам, адразу паведаміў, калі, адкуль і як пачнецца “хапун”. І дакладна. З-за рогу адзін за адным пачалі вынырваць зялёныя аўтазакі — і людзі навокал прыкметна ажывіліся. Але ў А. ўжо быў гатовы бліскучы сцэнар дзеяньняў: мы рушылі далей ад праспэкту, збочылі на вуліцу Маркса, пасьля ў падворкі й праз арку вярнуліся на праспэкт, перайшлі на іншы бок — і зноў апынуліся ў гушчэчы падзеяў, ужо каля ГУМу.

На вуліцы Леніна да нас далучыўся малады паэт А. Вітаемся з рок-музыкамі Р., І.В., а таксама з Л.В., П.П. ды іншымі ўдзельнікамі гурту, назву якога цяжка шыфраваць, бо яна — ужо абрэвіятура. Ледзь ня кожны другі сустрэчны належыць да беларускай культурнай эліты. Зрэшты, усе, хто выйшаў сёньня на вуліцу, — беларуская эліта. Цікава толькі, ці ведаюць пра гэта амонаўцы?

Узрушальнае відовішча: сымбаль свабоды Ратуша, а перад ёю, бы ганаровая варта, узброеныя шэрагі ў чорным. А вось зусім ідылічная карціна: сходы да Нямігі, напалам падзеленыя парэнчамі; па адной палове спускаюцца мітынгоўцы, па другой — амонаўцы. Здаецца, спатыкніся хто — і яму працягнуць руку дапамогі. Падымуць. Выведуць. І з камфортам даставяць.

Часам карысна адрывацца ад калектыву. Мы з паэтам А., у адрозьненьне ад іншых, не пераходзім ракі, а па беразе хуценька шыбуем да асноўнага месца падзеяў — сквэру Янкі Купалы. Там ужо зь дзесяць тысяч народу, але палітыкі не знаходзяць, хто б дапамог выцягнуць з машыны й данесьці да помніка гукаўзмацняльную апаратуру. Вось і хлюпікі-паэты спатрэбіліся. Выносім калёнкі й апынаемся зусім побач з выступоўцамі. Мне застаецца толькі дацягнуцца да палітыка В. і папрасіць слова.

Кажу пра тое, што яшчэ тыдзень таму было страшна, а сёньня ўжо — не. Сьпяваю пра тых, хто чакаў гэтага сьвята свабоды больш за ўсіх нас:

Памяці намётаў на пляцы Кастуся Каліноўскага (на матыў Bella chao)

“Выбар сьдзелан, усё бясспорна, – прасьвяшчаў, прасьвяшчаў, прасьвяшчаў эфір, – а ў іх палатках — шпрыцы і порна, у іх бутэльках — не кефір!”

На экране жыцьцё стабільным абвяшчаў, абвяшчаў, абвяшчаў канал, ды на плошчы мент у цывільным мяне ва ўсім пераканаў.

Кожны вечар як жыць маральней павучаў, павучаў, павучаў TВ, а па дарозе да прыбіральні б’юць за мараль па галаве.

Ноч на плошчы была цікавай: як гучаў, як гучаў, як гучаў наш сьпеў! Ды забралі за тэрмас з кавай — выпіць залпам не пасьпеў.

Гаварылі: “Ён адмарозак!” Ён маўчаў, ён маўчаў, ён маўчаў пра сьцяг. “Там, на плошчы, няма цьвярозых”, — скажуць зранку у “навасьцях”.

“Хуліганіў, — казалі сьведкі, — парушаў, парушаў, парушаў закон”. А на плошчы жывыя кветкі гроб у сьметніцы амон.

Значыць, будзем стаяць на лёдзе — падкачаў, падкачаў надыход вясны. Але свабода ізноў у модзе, але свабодзе ня скажаш “годзе!”, але свабода яшчэ на свабодзе, на свабодзе — нашы сны!

Покуль ня бачыць палітык М., схіляюся да І.К. і кажу, што захапляюся ёй. У прынцыпе, яна не павінна казаць мне праўды, таму гаворыць: “Я вамі таксама”. Але ўсё адно прыемна.

А дома ўмыкаю тэлевізар — і сьвята канчаецца…

Дарэчы, а сёмай гадзіне ў Вялікай залі Філярмоніі пачынаюць выконваць 11-ю сымфонію Дз. Шастаковіча “1905” у чатырох частках: “Палацавая плошча”, “9 студзеня” (то бок “Крывавая нядзеля”, тая самая, з папом Гапонам), “Вечная памяць” і “Набат”. Усе супадзеньні абсалютна выпадковыя.

Зь нядзелі да аўторка

Гадзінамі сяджу ў інтэрнэце, зьбіраю па кавалках праўдзівую інфармацыю пра затрыманьні, пра зьдзек і гвалт з боку рэжыму. Як цынічна напіша газэта “Савецкая Б.”, уладу нельга кранаць рукамі — будзе балюча.

Сазвоньваюся з радыёжурналісткаю Д. Дазнаюся ад яе, што больш ня буду расказваць па дзяржаўным радыё пра новыя кніжкі. Што ўжо запісаную перадачу адмянілі. Не пашчасьціла ангельскай пісьменьніцы Джэнэт Ўінтэрсан з раманам пра Атлянта й Геракла. Што ж, пакінем радыё сам-насам з уласнымі Атлянтамі й Геракламі ад літаратуры.

Званкі й мэйлы ад студэнтаў і проста знаёмых з адным пытаньнем: ці ня звольнілі мяне з унівэрсытэту? Чуткі пра гэта растуць у геамэтрычнай прагрэсіі. Апошнім пазваніў паэт Г. і журналіст Л. у адной асобе. Здагадайцеся з трох разоў, пра што спытаўся. Я парадаваў паэта й расчараваў журналіста адказам, што ўсё ў парадку. Пакуль.

Серада, 29 сакавіка

Адзначаем дзень народзінаў М.М., прыўкраснай паэткі, эсэісткі й перакладніцы. Бачу там жывую Бабу Броню — мэгазорку найноўшай беларускай літаратуры. Геніяльная бабуля асэнсоўвае матэрыялы газэты “Савецкая Б.” і проста на вачах складае новую казку: “Жылі-былі дзед і баба. І была ў іх Маці Радавога Лосева…”

Хтосьці скажа, што сьмяяцца з такога нельга, але як устрымацца, чытаючы: “Наш корреспондент разговаривал с солдатской мамой. Ее голос дрожит, как раненая птичка”? Некалі, пасьля зьмены ўлады ў Беларусі, Павал Якубовіч будзе клясьціся ўсімі эўрапейскімі каштоўнасьцямі, што шчыра змагаўся з рэжымам, даводзячы да абсурду яго ідэалёгію. Сапраўды, гучыць, як пародыя. Каб жа яшчэ гэтыя газэтчыкі ня лезьлі ў матэрыі, у якіх абсалютна ня цямяць! Цытую: “И как же хрупок человеческий, по выражению Декарта, тростник, если школьница-старшеклассница, любительница стихов Бодлера и поклонница полонеза Огиньского, готова растерзать такого же мальчишку…”

“Самі вы Дэкарт, таварыш Якубовіч!” Пра “чалавечы трысьнёг” казаў зусім іншы філёзаф — Блэз Паскаль, і, дарэчы, называў яго “мысьлячым”. Але гэтага слова вы не надрукавалі, бо разагнаныя мітынгоўцы, адрозна ад тых, хто біў іх на вуліцах і цяпер б’е ў вашай газэце, менавіта мысьляць. А за Бадлера дзякуй! Можа, сказаць сваім студэнтам-раманістам, што паэзія Бадлера — магутная зброя, якая дапаможа кожнай крохкай дзяўчыне пакласьці па восем амонаўцаў? Зрэшты, гэтыя студэнты й так ня блытаюць Дэкарта з Паскалем, а праўду з хлусьнёю!

Чацьвер, 30 сакавіка

Еду праводзіць чарговую Перакладніцкую Майстэрню. Еду й згадваю папярэдні занятак, які праводзіў папросту сярод намётаў, на пляцы Кастуся Каліноўскага. Уявіце сабе: натоўп, музыка, шум, дубар, а некалькі дзівакоў сабраліся ў колца і крэмзаюць нейкія паперы. Да іх штохвіліны падыходзяць цікаўныя, думаюць: адозвы падпісваюць, ці што. А яны дзяўбуцца з тэкстам украінскага інтэлектуала Тараса Прахаські. Цікава, што сказаў бы сам аўтар, каб дазнаўся, у якіх умовах яго перакладалі? Шчыра прызнаюся: сёньня працуецца нашмат больш плённа. І гэта даводзіць неаспрэчную ісьціну: месца літаратара — за пісьмовым сталом. Але калі не выходзіць на вуліцы сёньня, — хто ведае, ці будзе каму чытаць цябе заўтра.

Летась пачынаў свае нататкі цытатаю: “Дзёньнікаў на вайне я ня вёў”. Сьвятая наіўнасьць: леташнія мірныя дзянёчкі-дзёньнічкі — пікет каля Ліцэю, першае знаёмства з афіцэрам у цывільным, забаронены канцэрт пад дажджом — здаваліся мне гарачай парой! Страшна падумаць, што будзе налета…
XS
SM
MD
LG