Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу Мілінкевіча на 700 старонак у Вярхоўным судзе не прынялі


Радыё Свабода Сёньня ад імя Аляксандра Казуліна ў Вярхоўны суд была адвезеная скарга на пастанову ЦВК аб прызнаньні вынікаў выбараў, у ёй апазыцыйны кандыдат патрабуе прызнаць мінулыя выбары несапраўднымі. Скарга была прынятая, яна складаецца з больш чым 400 старонак тэксту, у якой выкладзеныя ўсе зафіксаваныя парушэньні выбарчага заканадаўства.

Аналягічную заяву ад імя іншага апазыцыйнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча спрабаваў перадаць у прыёмную Вярхоўнага суда кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Аляксандар Бухвостаў.

Аднак у судзе адмовіліся яе браць, спаслаўшыся на тое, што ў яго няма даверанасьці ад Аляксандра Мілінкевіча. Таму спадар Бухвостаў накіраваў скаргу лістом з паведамленьнем праз пошту.

Скарга Мілінкевіча напісаная на 26 старонках. Але звыш 700 старонак складаюць дадаткі да яе зь пералікам канкрэтных фактаў парушэньняў выбарчага заканадаўства.

Аляксандар Мілінкевіч гэтак ацаніў пэрспэктывы разгляду сваёй скаргі ў Вярхоўным судзе:

(Мілінкевіч: ) “З аднаго боку сапраўды мы ведаем, што справядлівага суду ў Беларусі няма, што ён паўторыць тое ж, што было зроблена ЦВК. Але вельмі важна з нашага боку дэманстраваць, што мы праходзім усе інстанцыі, што мы людзі, якія патрабуюць закону і дзейнічаюць паводле закону, і каб ніколі прапаганда ня мела магчымасьці сказаць, што апазыцыя толькі крычыць, а сапраўдных аргумэнтаў і фактаў ня мае. Мы мусім мець такі сур’ёзна распрацаваны дакумэнт пратэсту”.
XS
SM
MD
LG