Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На плошчы Якуба Коласа адбылася акцыя салідарнасьці


Радыё Свабода На плошчы Якуба Коласа адбываецца акцыя салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі. На плошчы знаходзіцца наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) "Зараз на 20:00 тут шмат супрацоўнікаў міліцыі з рацыямі, а на плошчы сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, прыблізна каля двухсот.

Яны запалілі сьвечкі ля помніку Якубу Коласу.

Удзельнікі тлумачаць: сьвечкі запалены на знак салідарнасьці з палітвязьнямі, якія цяпер утрымліваюцца на Акрэсьціна і ў ізалятарах Менскай вобласьці.

Людзі абураны дзеяньнямі ўладаў. Гэтымі сьвечкамі яны хочуць прыцягнуць увагу грамадзкасьці да тых падзеяў, якія цяпер адбываюцца.

Людзі стаяць моўчкі. Ніякіх лёзунгаў няма. Яны толькі тлумачаць мінакам, калі тыя да іх падыходзяць, што стаяць тут, бо ня згодныя з фальсыфікацыяй выбараў і пратэстуюць супраць хвалі рэпрэсіяў і арыштаў.

Арганізатараў у гэтай акцыі няма. Людзі інфармацыю атрымліваюць з розных вэбсайтаў у інтэрнэце. Моладзь на форумах прапануе новыя ідэі. Нехта падкінуў ідэю прыйсьці на плошчу Якуба Коласа.

Ёсьць вельмі мала знаёмых твараў. Некаторыя кажуць, што прыйшлі на акцыю пратэсту ўпершыню ў жыцьці.

Побач з плошчай, на вуліцы Чырвонай, стаяць два аўтазакі і тры аўтобусы, поўныя спэцназу.

На плошчы зь відэакамэрамі стаяць два супрацоўнікі міліцыі з так званай групы дакумэнтаваньня і запісваюць усіх удзельнікаў акцыі на відэа. Але людзі не сыходзяць.

Міліцыянты назіраюць за ўдзельнікамі акцыі, але ніякіх дзеяньняў зь іх боку пакуль няма".

***

Акцыя скончылася мірна. Затрыманьняў не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG