Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія палітыкі – за забарону выезду беларускім чыноўнікам на адпачынак на Чорнае мора


Радыё Свабода Сябра камісіі па міжнародных справах у нямецкім Бундэстагу, хрысьціянскі дэмакрат Манфрэд Грунд заявіў "Свабодзе", што нямецкія палітыкі ня проста вітаюць увядзеньне візавых санкцыяў у краіны Эўразьвязу для адказных беларускіх чыноўнікаў, але таксама рыхтуюць прапановы да расейскага і ўкраінскага кіраўніцтва адносна абмежаваньняў на выезд беларускіх чыноўнікаў на адпачынак ў гэтыя краіны.

(Грунд: ) “Мы прапанавалі свайму ўраду правесьці дыялёг з Расеяй і Украінай па сытуацыі ў Беларусі з тым, каб абмежаваць выезд беларускіх чыноўнікаў на курорты Чарнаморскага ўзьбярэжжа – Крым, Каўказ.

Зь іншага боку, Нямеччына будзе шукаць магчымасьці для стварэньня самых спрыяльных ўмоваў для выезду за мяжу, у краіны Эўрапейскага Зьвязу для звычайных беларускіх грамадзянаў, а таксама ўзмацняць супрацоўніцтва з грамадзянскім супольніцтвам”.

Адрозна ад мінулага кіраўніцтва ФРН на чале з Герхардам Шродэрам цяперашні нямецкі ўрад надае вялікае значэньне такому пытаньню як правы чалавека, перакананы Манфрэд Грунд.

Паводле ягоных словаў, Бэрлін ня можа быць абыякавым, "калі ў цэнтры Эўропы, на сталічных вуліцах вядзецца паляваньне за людзьмі, санкцыянуецца зьбіцьцё і арышты тых, хто вырашыў выказаць свой пратэст уладам".

Як сьведчыць Манфрэд Грунд, права на дэманстрацыю, на свабоду выказаць сваё меркаваньне – належыць да асноўных чалавечых свабодаў. Нямецкі палітык перакананы, што час дыктатараў заканчваецца.
XS
SM
MD
LG