Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Акрэсьціна выйшла 70 вязьняў, іх сустракалі каля 400 чалавек


Любоў Лунёва, Менск Каля 90 чалавек выйшлі з-за кратаў ізалятараў Менску й Менскай вобласьці. Большасьць зь іх былі затрыманы ўночы — калі намагаліся прайсьці на Кастрычніцкую плошчу, альбо спрабавалі пранесьці туды цёплыя рэчы й тэрмасы з кавай.

У тры гадзіны ночы з ізалятару Менскага раёну выйшлі 15 дзяўчат, якіх затрымалі падчас ліквідацыі намётавага лягеру.

10 чалавек выйшлі з камэраў жодзінскага ізалятару часовага ўтрыманьня.

З турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшла каля 70 чалавек. Іх сустракалі больш за чатыры сотні чалавек.

Кожнаму скандавалі: “Слава героям!” Марына Квяткоўская не чакала, што яе будуць сустракаць столькі людзей з кветкамі.

(Воклічы: ) “Слава гераічным дзяўчатам Беларусі!”

(Воклічы: ) “Слава!Слава!”

(Квяткоўская: ) “Я была тут 10 сутак. Мяне затрымалі ў раёне Кастрычніцкай плошчы. Я везла на прыватнай машыне рэчы на плошчу — намёт, спальнік, гітару. Нас затрымалі супрацоўнікі СОБР і спэцназу… Калі б не перадачы, то… Ну, мы галадалі”.

Бацькі Паліны Пархімовіч з гадзіны ночы стаялі ля турэмнай брамы.

(Пархімовіч: ) “Ноч. Халодна. Але мы падтрымліваем усю моладзь, якая там знаходзіцца. Мы разам зь імі ўсе гэтыя дні й ночы й ведаем, што ім там было вельмі-вельмі цяжка. Думаю, што ўсё лепшае наперадзе. Мы будзем змагацца. Прайшлі праз гэта — і народ ужо іншы. Ня той, што быў пяць гадоў таму”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы верыце інфармацыі, якая прагучала на БТ, што, нібыта, ня будуць выключаць студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў гэтых акцыях?”

(Пархімовіч: ) “Ня веру! Ня веру! Адной рукой выключаюць, а другой — запіхваюць туды”.

Аляксандар Дабравольскі не чакаў такой праявы салідарнасьці:

(Дабравольскі: ) “Той бок жыцьця таксама шмат хто мусіў паглядзець. Самае галоўнае, што я не сустрэў у ізалятары чалавека, які паў бы духам, сказаў бы: “Усё, больш ня трэба!” Наадварот — усе зразумелі, што ўся гэтая хлусьня ў дзяржаве вартая таго, каб усё мяняць. Ніхто не зламаўся, дзякуй богу! Турэмнае брацтва, якое тут ёсьць, нам дапаможа. Я не чакаў. Кажу сваім: “Чаго вы ўночы прыпёрліся?!” (Сьмяецца.) Гэта прыемна”.

Аляксандар Дабравольскі сьцьвердзіў: у няволі не хапала інфармацыі. Арыштаваныя папросту здагадаліся, што 25 сакавіка не абышлося без затрыманьняў.

(Дабравольскі: ) “Мы зразумелі, што нешта адбываецца, бо тут, у двары, зьявіліся амонаўцы са зброяй (два белых браніраваных джыпы). Яны ўвесь час хадзілі з гэтай зброяй, елі тушонку. Ну, быццам бы, да нечага рыхтаваліся”.

Упершыню ў турме міліцыянты праводзілі для палітвязьняў лекцыю. Гаворыць Вольга Кузьміч:

(Кузьміч: ) “Спачатку нас было 12 чалавек. Адна дзяўчына цяжарная. Мы спалі па чарзе. Потым, перад прыходам АБСЭ, дваіх вывелі — толькі дзеля таго, каб паказаць, як усё прыстойна. Сёньня нас завялі на ідэалягічную гадзіну з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. Там прысутнічалі кіраўнік прафіляктычнага аддзелу сп.Дрозд, ягоны намесьнік Маліноўскі й яшчэ два выкладчыкі з Акадэміі ўнутраных спраў. Яны хацелі нас паставіць на нармальны шлях. Але я ўзяла гаворку ў свае рукі, і яны сышлі ні з чым праз пару гадзін”.

Людзей развозілі па дамах на машынах. Прадпрымальнікі нават падагналі некалькі мікрааўтобусаў, каб іншагародніх завезьці дахаты разам са сваякамі, што прыйшлі іх сустракаць. На палову шостай раніцы выйшаў апошні палітзьняволены — з тых, чый тэрмін пакараньня скончыўся ў тры гадзіны ночы. Каля турмы менавіта ў гэтую ноч не працавалі ліхтары, і таму людзі стаялі са сьвечкамі. Гэтак людзі й пакінулі сотні запаленых сьвечак уздоўж дарогі да турэмнай брамы.
XS
SM
MD
LG