Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзены яшчэ адзін моцна зьбіты ўдзельнік падзеяў 25 сакавіка


Радыё Свабода Аляксандар Цішук зь Бярозаўкі быў гвалтоўна зьбіты ў Менску 25 сакавіка падчас шэсьця да турмы на Акрэсьціна. Яго даставілі ў 4-ты клінічны шпіталь, зафіксавалі сьляды зьбіцьця. Але надалей спадар Цішук не пажадаў там заставацца. Сёньня дамоў да Аляксандра прыяжджаў начальнік міліцыі Яўген Чылек, які патлумачыў нашаму карэспандэнту па тэлефоне, што хоча пагутарыць з удзельнікам менскіх падзеяў пра тое, што адбывалася на плошчы.

Аляксандар Цішук гаворыць: некалькі дзён паблізу ягонага дому дзяжураць машыны (часам — таксоўка, хаця ў мястэчку таксовак няма). Ён цьвердзіць: падчас гутаркі міліцыянт пытаўся, ці не давалі дэманстрантам у Менску наркотыкаў. Спадара Цішука такія пытаньні абурылі: 25 сакавіка, калі мірных дэманстрантаў атакавалі міліцыянты, менавіта побач зь ім выбухнула шумавая граната, а потым яго зьбілі, і ён страціў прытомнасьць.

(Цішук: ) “Гэта ўсё людзі ў чорным, што бяз касак. Першымі ішлі “касманаўты”, а пасярод іх гэтыя — у чорным. Яны мяне потым завалілі, і адзін даў ботам у галаву — я “вырубіўся”. Кроў пайшла з носу. Мяне чэскі карэспандэнт і мясцовыя людзі адцягнулі й паклалі на ўзбочыне”.

У шпіталі Аляксандар Цішук апынуўся поруч з чэскім карэспандэнтам, які яму дапамог, жыхаркай Менску Казаковай і лысаватым мужчынам гадоў шасьцідзесяці.

(Цішук: ) “Я яго пытаю: “Адкуль вы — зь Берасьцейшчыны, ці адкуль?” Кажу: “Глядзеце, каб вам тут нічога не калолі, і кроў тут не здавайце”. Ён быў запалоханы, бо яму сказалі, што, ён, нібыта п’яны. Я ім кажу: “Ён ня п’яны, ён — зьбіты. Вы што, ня бачыце: у яго юшка з галавы ды з носу бяжыць?!”

Спадар Цішук спамінае: з прычыны аглушэньня ён ня мог пачуць, адкуль дакладна прыехаў паранены мужчына. Але дакладна ведае: у таго была пашкоджана галава — уся ў крыві, былі сінякі — пад вокам і на баку, паранена рука. Аляксандар падбадзёрваў пакалечанага: трэба трымацца разам. Але таго павезьлі на рэнтген у вазку, і болей Цішук яго ня бачыў.

У самога Аляксандра Цішука былі разьбіты нага, галава й ссунута барабанная перапонка. У шпіталі на галаву наклалі шво, а таксама зрабілі рэнтген — галавы й нагі. Заставацца там ён пабаяўся — начаваў у сяброў, а назаўтра зьехаў дахаты. Паводле ягонага расповеду, на вакзале хадзілі міліцыянты з фотаздымкамі й прыглядаліся да людзей. На Цішуку была кідкая куртка, таму давялося скінуць яе й да аўтобусу ісьці ў швэдры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG