Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы прызначыў экспэртызу стану здароўя А.Казуліна


Радыё Свабода Сьледчы ў справе Аляксандра Казуліна задаволіў хадайніцтвы ягонага адваката аб правядзеньні шэрагу экспэртызаў — уключна з экспэртызай стану здароўя экс-кандыдата на прэзыдэнта.

31-га сакавіка сьледчы ў справе Аляксандра Казуліна, Аляксандар Кунцэвіч, задаволіў тры хадайніцтвы адваката Казуліна — Ігара Рынкевіча. Паводле аднаго зь іх, прызначана экспэртыза стану здароўя экс-кандыдата на прэзыдэнта. Гаворыць адвакат Ігар Рынкевіч.

(Рынкевіч: ) “Першае: каб высьветлілі цялесныя пашкоджаньні Казуліна, іх паходжаньне й цяжкасьць. Другое пытаньне да мэдэкспэрта: ці зможа зьняволены, у сувязі са станам здароўя, знаходзіцца пад вартай. Акрамя таго, паводле заявы Казуліна, мы выставілі патрабаваньне знайсьці грамадзянаў, пацярпелых пры гэтых абставінах, дапытаць і правесьці экспэртызу атрыманых імі пашкоджаньняў”.

Адвакат Ігар Рынкевіч ня ведае, калі будуць завершаны гэтыя экспэртызы. Зь ягоных словаў, экспэртызу стану здароўя Аляксандра Казуліна можна правесьці хутка. Складаней будзе знайсьці ўсіх пацярпелых падчас падзеяў 25 сакавіка. Але й гэта магчыма — мяркуе жонка кандыдата на прэзыдэнта Ірына Казуліна. Яна зьвяртае ўвагу на тое, што няма новых зьвестак пра чалавека, які, зь першых паведамленьняў міліцыі, пацярпеў і быў зьмешчаны ў шпіталь.

(Казуліна: ) “Мяркую, хаваюць гэтую інфармацыю. Хаваюць таму, што яна, магчыма, не надта прыемная. Мы ўсе вельмі чакаем афіцыйных дадзеных наконт гэтага чалавека, а таксама наконт іншых, пра якіх няма пакуль што зьвестак”.

Ірына Казуліна па-ранейшаму выказвае занепакоенасьць станам здароўя свайго мужа. Сьледчы — зь ейнага прызнаньня — паабяцаў ёй асабістую сустрэчу з мужам у ізалятары.
XS
SM
MD
LG