Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” дамагаецца акцый “Белтрансгазу” — лічаць экспэрты


Радыё Свабода Паводле меркаваньняў і расейскіх, і беларускіх экспэртаў, учарашняя пагроза падвышэньня кошту расейскага газу для Беларусі зьяўляецца працягам гандлю паміж "Газпромам" і афіцыйным Менскам за акцыі "Белтрансгазу". Расея ня раз папярэджвала: калі беларускі бок ня пойдзе на ўмовы "Газпрому", то яна падвысіць кошт газу да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але беларускі бок перамовы наўмысна зацягваў. Цяпер "Газпром" прызначыў "Белтрансгазу" вельмі сьціслы тэрмін для адказу — да 30 красавіка. Што ж за гэтым усім стаіць?

Аглядальнік тыднёвіка "Беларусы і рынак" Тацяна Манёнак лічыць, што ў найбольш выйгрышным становішчы — расейскі бок.

(Манёнак: ) "За гэты час Расея дабудавала яшчэ дзьве кампрэсарныя станцыі. Аб''ём транзыту праз "Ямал-Эўропу", якая зьяўляецца ўласнасьцю "Газпрому”, павялічыўся больш чым на 50%. Ёсьць занепакоенасьць беларускага боку: калі "Газпром" дабудуе яшчэ дзьве кампрэсарныя станцыі да канца 2006 году, то ён павялічыць магутнасьць сваёй трубы да 33 мільярдаў. І тады "абмялее" беларуская труба. Больш козыраў цяпер, вядома, у расейскага "Газпрому".

Гандаль можа весьціся даволі доўга — лічыць Тацяна Манёнак. Але ж саступаць давядзецца беларускаму боку.

Меркаваньне экспэрта па нафце й газу Расейскай інвэстыцыйнай кампаніі "Тройка-дыялёг" Алега Максімава.

(Максімаў: ) "Я цалкам разумею жаданьне "Газпрому" ўзьняць кошты. Чаму ў Беларусі 46 даляраў за тысячу кубамэтраў? З двух фактараў. Па-першае, — геапалітычныя прычыны. Па-другое, — Расеі было абяцана 50% "Белтрансгазу". Я даўно ўжо не выключаў сытуацыі, калі Беларусь будзе плаціць больш. Наколькі больш — пакуль складана сказаць. Тут абавязкова будзе нейкі гандаль ісьці: мы вам — танны газ, вы нам — танныя трубы, альбо наадварот: вы нам дарагі газ — мы вам дарагія трубы".

Эканаміст Міхал Залескі перакананы:

(Залескі: ) "Нарэшце пачнецца нармальны ўзаемаразьлік. Нам мусяць плаціць за транзыт, за вайсковыя базы, за абарону мяжы. А мы павінны плаціць за газ. Як усе. І тады мы будзем, як у сапраўднай гаспадарцы, ведаць нармальны сапраўдны балянс: што ў нас застаецца ўрэшце на рахунку, што мы вінаваты, што нам вінаваты. Чаго вартая наша прамысловасьць расквітнелая й сельская гаспадарка, узьнятая й адроджаная...”

Насамрэч гэта вельмі й вельмі драматычна для эканомікі. Такі шок будзе сапраўдным трансфармацыйным шокам пераходу на рэальныя рынкавыя адносіны".

Натуральна, непазьбежнае падвышэньне коштаў на газ адаб''ецца вельмі сур''ёзна на эканоміцы Беларусі — упэўнена аглядальніца тыднёвіка "Беларусы і рынак" Тацяна Манёнак.

(Манёнак: ) "Увесь гэты час Беларусь спажывала танны газ. А рэформаў, між тым, не прайшло. Таму вельмі балюча будзе. Многія прадпрыемствы будуць працаваць з нулявой рэнтабэльнасьцю. Але ж самае цяжкае — беларускі ўрад ня зможа выканаць сваіх сацыяльных абяцаньняў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG