Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы на Акрэсьціна пачынаюць выпускаць людзей


Радыё Свабода З турмы на Акрэсьціна пачынаюць выпускаць людзей, якія адбылі адміністрацыйнае зьняволеньне за ўдзел і падтрымку намётавага гарадку, а таксама акцыі пратэсту 25 сакавіка. Гэтак, у ноч на 31 сакавіка былі вызвалены некалькі дзясяткаў чалавек. Былых вязьняў вызвалялі таксама цягам дня.

Група маладых людзей, якія не пажадалі называць сваіх імёнаў, прыйшлі сустракаць пасьля зьняволеньня сябра.

(Юначка: ) “Мы сустракаем свайго сябра, які быў арыштаваны 21 сакавіка, атрымаў 10 сутак і сёньня мусіць быць вызвалены. І мы спадзяёмся, што гэтая радасная падзея неўзабаве адбудзецца”.

(Юнак: ) “А 12-й гадзіне павінны былі вызваліць, і мы тут з паўгадзінкі стаім чакаем”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хвалюецеся вы за ягоны далейшы лёс? Гэты чалавек працуе ці вучыцца? І што зь ім будзе далей?”

(Юначка: ) “Натуральна, хвалюемся. Бо ён працуе, а страціць працу ў наш час — гэта вялікая праблема. Але спадзяёмся, што ўсё будзе добра”.

(Іншая юначка: ) “Наша пазыцыя не зьмянілася, а наадварот — умацавалася. Калі бачыш, як наша ўлада зь беспадстаўнай агрэсіяй, зь беспадстаўнай злосьцю, нейкай жывёльнай (нават слоў не знайсьці), хапае людзей, зьбівае дзяўчат, — я ня ведаю, пра што тут можна казаць, пра якую ўладу...”

Неўзабаве зь дзьвярэй турмы выйшлі адразу некалькі чалавек.

Воклічы, плясканьне ў далоні.

(Карэспандэнтка: ) “Для Радыё Свабода колькі словаў па вызваленьні”.

(Юнак: ) “Ну, усё нармальна, усё добра, я ні пра што не шкадую”.

(Карэспандэнтка: ) “Які настрой на будучыню?”

(Юнак: ) “На будучыню — поўны аптымізм. Вы бачыце, якія мы выходзім з турмы? Мы вельмі ўдзячны сваім сябрам, што прыносілі нам перадачы”.

(Карэспандэнтка: ) “Якая там была атмасфэра?”

(Юнак: ) “Ды нармальная атмасфэра. Там было шмат вельмі цікавых людзей, шмат людзей знаёмых”.

(Іншы юнак: ) “Я, да прыкладу, сядзеў у адной камэры з рэдактарам газэты “Наша Ніва” Андрэем Дынькам. У нас былі вельмі цікавыя й плённыя гаворкі. І, увогуле, гэта ўсё аказалася, як ні дзіўна, вельмі карысным”.

(Юнак: ) “Пасьля гэтага ўжо нічога не баісься”.

Іншыя людзі чакаюць вызваленьня сваіх знаёмых і сяброў бліжэйшымі днямі, а таму сёньня яшчэ нясуць ім перадачы.

(Юнак: ) “Некалькі нашых сяброў сядзяць — на Акрэсьціна, у Жодзіна. А дзяўчынка адна на Старабарысаўскім тракце. Яны ўсе атрымалі па дзесяць сутак, і будуць выходзіць у ноч зь нядзелі на панядзелак”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьбіраецеся вы іх сустракаць?”

(Іншы юнак: ) “Абавязкова, вялікай кампаніяй, з кветкамі й машынамі, ганарова”.

(Карэспандэнтка: ) “Які цяпер настрой?”

(Іншы юнак: ) “Ды ўсё нармальна, усё аптымістычна й пазытыўна. Бо, мне падаецца, насамрэч усё гэта толькі яшчэ раз пацьвердзіла слабасьць улады — і ўсё. Людзі, якія пры ўладзе, — яны папросту баяцца”.
XS
SM
MD
LG