Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Шчукін: супраць мяне ўчынілі правакацыю


Радыё Свабода Паводле факту затрыманьня ўвечары 24 сакавіка на Валера Шчукіна склалі пратакол за дробнае хуліганства й лаянку. Намесьніца старшыні Чыгуначнага райсуду Віцебску Валянціна Кавалёва перанесла разгляд справы вядомага праваабаранцы на 6 красавіка.

Валерыя Шчукіна затрымалі на віцебскім Чыгуначным вакзале перад самым ад’ездам у Менск, дзе ён меркаваў узяць удзел у акцыі 25 сакавіка. Замест гэтага яму давялося правесьці двое сутак у ізалятары, а 27 сакавіка Чыгуначны раённы суд пачаў разгляд ягонае справы. Апазыцыянэр запатрабаваў адваката, і суд перанесьлі на сёньня.

У прысутнасьці адваката Міхаіла Замаліна спадар Шчукін зноў не прызнаў сваёй віны і заявіў:

(Шчукін: ) “У дачыненьні да мяне была падстроена правакацыя: я ішоў на цягнік, мяне праводзілі, і тут на нас натрапляе нейкі мужчына й кідае пад ногі бутэльку зь півам. Тут жа зьяўляюцца міліцыянты й кажуць: “Пойдзем разьбірацца”. А разьбіральніцтва такое: усе рэчы на стол, дакумэнты на стол і асабісты догляд. Судзьдзя запыталася, чаму я падазраю правакацыю. Я сказаў, што ўсё было напярэдадні 25-га, тады хапалі шмат людзей. Іншай прычынай патлумачыць гэта не магу”.

Судзьдзя заслухала таксама і сьведак — міліцыянтаў, якія складалі пратакол, і спадарыню Валянціну Чкалаву, якая апынулася побач з Валерыем Шчукіным на пэроне.

(Чкалава: ) “Пэрон быў пусты, і раптам збоку ці ззаду падбягае мужчына, літаральна кідае пад ногі бутэльку. Яна плястмасавая, не разьбіваецца, але ён крычыць: “Вы маю бутэльку разьбілі!”. Валеры Шчукін пытаецца: “Што здарылася? Дзе?” — і тут зьяўляюцца двое міліцыянтаў. Я ім кажу: гэты чалавек сам бутэльку кінуў, і сам з намі сутыкнуўся, а мы тут ні пры чым. “Нічога, — кажуць яны, — пройдзем, разьбярэмся”. І мы пайшлі”.

Судзьдзя так і не дабілася ад сьведкі-міліцыянта ні калі Валеры Шчукін лаяўся, ні якія словы ўжываў.

Судзьдзя Кавалёва загадала выклікаць зь міліцыі іншых сьведкаў, а суд перанесла на 6 красавіка.
XS
SM
MD
LG