Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Які плён 10 гадоў інтэграцыі?


Радыё Свабода Сёньня цягам гадзіны амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў, кіраўнік прадстаўніцтва сталага камітэту саюзнай дзяржавы ў Менску Васіль Шаладонаў і кіраўнік управы МЗС Беларусі Сяргей Звонка пераконвалі журналістаў у перавагах так званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Сваю прэсавую канфэрэнцыю яны прысьвяцілі Дню яднаньня народаў Беларусі й Расеі, які сёлета адзначаецца дзясяты раз.

Адзін з журналістаў, грамадзянін Беларусі, расказаў на прэсавай канфэрэнцыі сваю гісторыю. Ён прыляцеў з замежжа ў маскоўскі аэрапорт “Шарамецева-2”. На пашпартным кантролі сталі дзьве чаргі: адна для грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, другая — для ўсіх іншых. Паколькі другая чарга была значна даўжэйшая, беларускі журналіст вырашыў прайсьці празь першы пункт. Аднак яго там адразу завярнулі, хаця журналіст казаў пра адзіную дзяржаву, інтэграцыю і гэтак далей, ды яшчэ папракнулі, што Беларусь “на халяву” спажывае танныя расейскія газ ды нафту. Прыйшлося яму хвілін сорак стаяць у агульнай чарзе.

Васіль Шаладонаў, які пракамэнтваў гэты выпадак, прызнаў, што расейскі чыноўнік закону не парушыў:

(Шаладонаў: ) “Ёсьць палітычная воля прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў, скіраваная на тое, што грамадзяне Беларусі ў Расеі, і Расеі ў Беларусі не павінны адчуваць сябе замежнікамі. Але ў 2002 годзе парлямэнты і Расеі, і Беларусі прынялі свае законы аб грамадзянстве, дзе вылучылі тры катэгорыі грамадзянаў: сваёй краіны, замежнікі й асобы без грамадзянства. І чыноўнік у аэрапорце сказаў груба, але адпаведна з заканадаўствам — таму што вы пакуль замежнік”.

А расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў паабяцаў, што падобных інцыдэнтаў ня будзе пасьля прыняцьця Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы:

(Сурыкаў: ) “Таму найбольш актуальна і выглядае прыняцьцё Канстытуцыйнага акту, пасьля чаго ўсё падобнае здымаецца!”

На пытаньне, калі ж нарэшце будзе прыняты гэты акт, ніхто з удзельнікаў канфэрэнцыі дакладнага адказу ня даў.

Беларускі палітык Юрась Беленькі лічыць, што ініцыятыва прыняцьця Канстытуцыйнага акту зыходзіць выключна з Масквы:

(Беленькі: ) “Ініцыятыва заўжды ішла з Масквы, з таго самага моманту, калі Маскве ў 1994 годзе ўдалося правесьці на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. І ў Вярхоўным Савеце ён гэтага нават не хаваў. Ён прагаворваўся, што быў у Маскве, што яму паабяцалі, гэта ня ёсьць сакрэтам”.

А маскоўскі палітоляг Сяргей Маркаў лічыць аб’яднаньне Расеі й Беларусі надзвычай важнай справай:

(Маркаў: ) “Узьяднаньне Расеі й Беларусі ў адну дзяржаву — гэта значна важней нават, чым трэці тэрмін Пуціна. Гэта настолькі вырашальная справа, што, калі патрэбна будзе, Пуцін зробіць усё што заўгодна, каб Расея і Беларусь узьядналіся зноў”.
XS
SM
MD
LG