Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Газпром”: “Кошт паліва вызначыцца толькі падчас перамоваў”


Віктар Дзятліковіч, Масква Маскоўская рэакцыя на заяву кіраўніка “Газпрому” Аляксея Мілера досыць салідарная. Большасьць экспэртаў сыходзяцца на думцы, што гэта пачатак доўгіх і складаных перамоваў, мэтай якіх “Газпром” бачыць атрыманьне поўнага кантролю над транзытам паліва праз тэрыторыю Беларусі.

Кошт расейскага газу для Беларусі ў наступным годзе дакладна вырасьце, але наколькі – пакуль ня ведае ніхто. “Газпром” пакінуў сабе вялікае поле для манэўру, калі не назваў дакладнай лічбы, зь якой пачнуцца перамовы. Афіцыйныя прадстаўнікі канцэрну й сёньня усяляк абыходзілі гэтую тэму. “Канчатковы кошт паліва вызначыцца толькі падчас перамоваў”, – заявілі радыё “Свабода” ў прэс-службе Аляксея Мілера.

Усе маскоўскія экспэрты згодныя з думкай, што мэтай “Газпрому” зьяўляецца найперш не падвышэньне цаны газу для Беларусі, а атрыманьне кантролю над канцэрнам “Белтрансгаз”. Гэты працэс буксуе ўжо некалькі гадоў.

Тое, што схема, якую можна назваць “маёмасьць у абмен на нізкі кошт газу”, пасьпяхова дзейнічае, засьведчылі перамовы, якія ўчора скончыліся паміж “Газпромам” і Малдовай. Напярэдадні “Газпром” зьбіраўся узьняць кошт паліва для гэтай краіны са 110 да 160 даляраў. Але ўчора малдаўскі бок пагадзіўся на падвышэньне долі “Газпрому” ў кампаніі “Малдовагаз”. У адказ расейскі канцэрн пакінуў кошт паліва на ўзроўні 110 даляраў. Відаць, тую ж схему Аляксей Мілер хоча ўжыць і ў стасунках зь Беларусьсю.

Расейскія экспэрты, аднак, адзначаюць, што адносіны зь Беларусьсю маюць сваю спэцыфіку, а менавіта тое, што палітыка тут часьцяком прэвалюе над эканомікай.

Меркаваньне вядучага экспэрта маскоўскага Цэнтру макраэканамічнага аналізу Дзьмітрыя Белавусава:

(Белавусаў: ) “У Мілера можа быць свой пункт погляду, але ў выніку ўсё вырашыцца на самым высокім узроўні. Аляксандар Лукашэнка па лёгіцы павінен хутка прыехаць у Маскву. Магчыма, заява Мілера – гэта элемэнт палітычнае гульні напярэдадні перамоваў зь беларускім бокам. У тым ліку і па газавым супрацоўніцтве”.

Акрамя таго, экспэрты не выключаюць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін праз “Газпром” спрабуе дасягнуць і выключна палітычных мэтаў. Так, на думку кіраўніка аналітычнага цэнтру “East European Gas Analysis” Міхаіла Карчэмкіна, папулярнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі расьце, і таму “Пуцін вырашыў паказаць, на чым пабудаваны дабрабыт Беларусі”. “Па сутнасьці грошы расейскіх пэнсіянэраў і бюджэтнікаў перадаюцца пэнсіянэрам і бюджэтнікам Беларусі”, – лічыць Карчэмкін.

Такім чынам, ня выключана, што падчас перамоваў па газавым пытаньні расейскі бок паспрабуе дамагчыся ад Беларусі саступак і па іншых пазыцыях. Напрыклад, правесьці свой праект стварэньня саюзнае дзяржавы, дзе роля Беларусі будзе прыніжаная.
XS
SM
MD
LG