Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рональд Пофала патрабуе вызваленьня ўладамі Беларусі ўсіх палітвязьняў


Алесь Дашчынскі, Менск Генэральны сакратар Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, дэпутат нямецкага Бундэстагу Рональд Пофала запатрабаваў неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і дэманстрантаў, арыштаваных падчас акцыяў пратэсту. Заява Пофала прагучала ў Менску ў сувязі зь візытам нямецкіх парлямэнтароў да прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

Лідэр ХДС Рональд Пофала й намесьнік кіраўніка фракцыі ХДС/ХСС у нямецкім Бундэстагу Арнольд Вац меркавалі прыехаць у Менск яшчэ на мінулым тыдні. Аднак у сувязі з затрымкай візаў візыт адбыўся з 30 да 31 сакавіка. Дэлегацыя мела дзьве мэты.

(Пофала: ) “Найперш мы хочам даць сыгнал апазыцыі й тым, хто падпадае пад рэпрэсіі: мы ў Нямеччыне не забыліся пра іх, мы разам зь імі. Таксама мы хацелі атрымаць актуальную інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі”.

Рональд Пофала заявіў, што трыманыя на самавольстве абмежаваньні й перашкоды пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі выклікаюць вялікую заклапочанасьць у партыі ХДС і ў многіх жыхароў Нямеччыны.

Спадар Пофала вылучыў пяць патрабаваньняў да ўладаў Беларусі — вызваленьня палітвязьняў і дэманстрантаў; аднаўленьня сапраўднай палітычнай свабоды слова; забесьпячэньня свабоды мэдыяў; свабоды перамяшчэньня, а таксама сходаў і мірных маніфэстацыяў, вяртаньня прынцыпу падзелу ўладаў.

(Пофала: ) “Мы чакаем неадкладнага вызваленьня былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Мы чакаем, што ні да Казуліна, ні да Мілінкевіча ня будзе выстаўлена вінавачаньне, не кажучы ўжо пра пагрозу пазбаўленьня волі на доўгі час. І мы чакаем, што каля 1 200 затрыманых, якія знаходзяцца пад вартай, у найбліжэйшы час будуць вызвалены. Я думаю, калі гэта адбудзецца, дык увядзеньне эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу ня будзе пытаньнем: яно будзе знаходзіцца ў цэнтры ўвагі”.

Падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў гэтыя патрабаваньні агучваліся, і спадар Пофала мяркуе, што іх зьмест вядомы беларускаму кіраўніцтву. Ён, аднак, ня стаў раскрываць зьместу сваёй гутаркі зь міністрам замежных справаў Беларусі. Рональд Пофала ня меў магчымасьці наведаць палітвязьняў і затрыманых дэманстрантаў. Ён сказаў, што ня мае інфармацыі пра дакладную колькасьць зьняволеных і месца іхнага зьняволеньня. Аднак разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі застанецца пад ягоным кантролем.

Рональд Пофала сустрэўся з Аляксандрам Мілінкевічам і іншымі прадстаўнікамі апазыцыі. Спадар Пофала зазначыў: ХДС выступае за тое, каб БНФ і АГП атрымалі статус назіральнікаў Эўрапейскай народнай партыі і сталі афіцыйнымі партнэрамі нямецкага ХДС.
XS
SM
MD
LG