Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя грамадзка-палітычныя выданьні: пляны на красавік


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў рэдакцыі “Народнай волі” падпісчыкі, распаўсюднікі і чытачы атрымліваюць сьвежы нумар. Выхад газэты адноўлены пасьля вымушанага перапынку ў сувязі з затрыманьнем яе накладаў на беларуска-расейскай мяжы. Якія пляны на красавік маюць журналісты “Народнай волі”, а таксама іншых незалежных выданьняў?

На выходных зьвестках апошняга нумару “Народнай волі” пазначана, што ён выдадзены ў смаленскай “Друкарні Міхайлава” колькасьцю 11.000 асобнікаў. Значна меншы, чым зазвычай, наклад газэты галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч тлумачыць перасьцярогай ад стратаў — пры магчымым затрыманьні. Як цьвердзіць спадар Сярэдзіч, на беларуска-расейскай мяжы па-ранейшаму арыштаваны пяць папярэдніх нумароў — агульным накладам 300 000 асобнікаў.

(Сярэдзіч: ) “На сёньня невядома, калі вернуць і хто гэта зробіць. Віцебская міліцыя нібыта атрэсла рукі. Зь Менску ніякай інфармацыі таксама няма. Атрымалі толькі ліст зь віцебскай пракуратуры, што цягам двух месяцаў міліцыя мае права весьці нейкае там дасьледаваньне. Месяц ўжо мінуў...”

Іосіф Сярэдзіч паведаміў таксама, што ў Смаленску сёньня выйдуць наступныя — 50-ы і 51-ы нумары “Народнай волі”. Дарэчы, у Смаленску раней друкавалася й “БДГ. Деловая газета”. Цяпер артыкулы тыднёвіка зьяўляюцца толькі на электронным сайце. Тэлефаную галоўнаму рэдактару Пятру Марцаву.

(Карэспандэнт: ) “Раней Вы заявілі, што ў Беларусі забаронена друкаваць газэту. А што скажаце наконт магчымасьці рабіць гэта зноў у Смаленску?”

(Марцаў: ) “У Смаленску сапраўды мажліва. Але яшчэ застаецца праблема распаўсюджваньня”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае гэта, што дакладных плянаў на красавік няма?”

(Марцаў: ) “Так, няма”.

Рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк сказаў, што журналісты працуюць над чарговым нумарам. Ён будзе надрукаваны ў Маскве, як і папярэднія.

(Вазьняк: ) “Пакуль у мяне не адбяруць ліцэнзіі, мы будзем выходзіць. За лёс газэты спакойны, бо з нашага боку няма ніякіх парушэньняў. Звычайны наклад 15 000 асобнікаў. Гэтую колькасьць пакуль і будзем выдаваць”.

Якія спадзяваньні калектыву газэты “Наша ніва” на красавік? Расказвае намесьнік рэдактара Сяргей Харэўскі:

(Харэўскі: ) “Шмат аўтараў, багата матэрыялаў — усё як мае быць. Ніякімі рэпрэсіямі, ніякімі “пасадкамі” ўлада ня здолее задушыць старэйшую беларускую газэту, якой сёлета акурат спаўняецца 100 гадоў”.
XS
SM
MD
LG