Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Максім Гарэцкі


Уладзімер Арлоў, Менск 18.2.1893, в. Малая Багацькаўка (цяпер Мсьціслаўскі раён) – 10.2.1938, Вязьма

Разгарнуўшы дваццаць гадоў таму толькі што выдадзены трэці том збору твораў Максіма Гарэцкага, я злавіў сябе на непрыемным адкрыцьці. Ягоная рэч “На імпэрыялістычнай вайне (Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы)” і зьместам, і стылістыкай, і патасам успрымалася як штосьці рэмінісцэнтна-другаснае. Напружыўшы чытацкую памяць, я хутка знайшоў адказ: Эрых Марыя Рэмарк “На Заходнім фронце бязь зьменаў”. Але варта было зазірнуць у энцыкляпэдыю, як маё адкрыцьцё зь непамыснага імгненна ператварылася ва ўсьцешлівае: славуты раман Рэмарка зьявіўся ў 1929-м, а “Запіскі” Гарэцкага на цэлыя тры гады раней – у 1926-м (дарэчы, адначасова з “Фэстам” Гэмінгўэя).

Дзякуючы свайму маладому клясыку беларуская літаратура яшчэ раз засьведчыла тады права быць паўнапраўнай часткаю літаратуры эўрапейскай. Але Рэмарк у 1932-м атрымаў магчымасьць эміграваць зь Нямеччыны ў Швайцарыю. Гарэцкі ж у гэты самы час адбываў высылку ў Вятцы, а празь пяць гадоў, так і не вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, быў расстраляны паводле пастановы “тройкі” НКВД. Аўтару аповесьці “Дзьве душы”, “Камароўскай хронікі”, геніяльных апавяданьняў, клясычнай “Гісторыі беларускае літаратуры” яшчэ ня споўнілася й 45-ці.

Ён ставіў перад сабою, перад нацыянальным прыгожым пісьменствам і ўсімі адраджэнскімі сіламі звышзадачу – “падняць беларуса да ідэальнага чалавека”, “аднавіць арганізм Беларусі і зрабіць яго дужэйшым”.

На тое й геніі, каб ставіць задачы на цэлыя стагодзьдзі.

P.S. Бібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменьнікі” падае памылковыя зьвесткі пра дату й месца сьмерці М.Гарэцкага.
XS
SM
MD
LG