Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі Хэльсынскі камітэт абураны “паліцэйскім тэрорам у Беларусі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Найбольш аўтарытэтная польская праваабарончая арганізацыя – Польскі Хэльсынскі камітэт – выступіла з заявай адносна фальсыфікацыяў вынікаў выбараў у Беларусі і перасьледу ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. У дакумэнце гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка сваімі захадамі нагадаў сьвету, “якія дачыненьні былі паміж уладай і грамадзянамі ў савецкай імпэрыі”.

У заяве Польскага Хэльсынскага камітэту выказваецца “найвышэйшае абурэньне ў сувязі з фальсыфікацыямі перад выбарамі і ў часе выбараў, а таксама хваляй паліцэйскага тэрору ў Беларусі”.

“Праз 15 гадоў пасьля падзеньня савецкай імпэрыі анахранічны рэжым Аляксандра Лукашэнкі сваімі захадамі нагадаў сьвету, якія дачыненьні існавалі паміж уладай і грамадзянамі ў тыя часы і зь якой пагардай таталітарныя ўлады ставіліся да грамадзтва і да кожнага чалавека, да яго справаў”, – адзначаюць польскія праваабаронцы.

Хэльсынскі камітэт заклікаў міжнародную супольнасьць, лідэраў краінаў сьвету, каб тыя “растлумачылі беларускім уладам, што час ужо зьмяніліся і што на пачатку ХХІ стагодзьздя няма ў Эўропе месца для палітыкаў, якія выкарыстоўваюць такія мэтады”.

“Аляксандар Лукашэнка і людзі ягонага рэжыму павіны быць пакараныя такім чынам, каб яны добра гэта адчулі... Заклікаем да ўвядзеньня санкцыяў у сфэры палітычнай, дыпляматычнай, сымбалічнай, у сфэры міжнароднага спорту, а таксама эканамічных санкцыяў, якія не адбіліся б беспасярэдне на беларускім грамадзтве. Заклікаем дапамагаць беларускай апазыцыі і ахвярам рэпрэсіяў усімі магчымымі сродкамі – фінансава, арганізацыйна, навукова, палітычна”, – гаворыцца ў заяве.

Польскі Хэльсынскі камітэт лічыць, што рашучая рэакцыя міжнароднай супольнасьці на падзеі ў Беларусі ў будучыні адаб’е ахвоту ў іншых аўтарытарных лідэраў ісьці такім шляхам.

“Пакажам, што выбіраць пагарду да свабоды і законаў ня варта”, – напісалі польскія праваабаронцы.
XS
SM
MD
LG