Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква не камэнтуе падзеяў на Кастрычніцкай плошчы


Радыё Свабода, Менск Удзельнікі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы сталіцы ўвесь час чулі званы Катэдральнага сабору, шмат хто з маладых пратэстоўцаў рэгулярна наведваў найбліжэйшыя цэрквы й касьцёл. 25 сакавіка, у Дзень Волі, маніфэстанты ішлі на вуліцу Акрэсьціна міма іх, маліліся, прасілі Божага заступніцтва... Аднак неўзабаве гэтыя людзі былі разагнаныя міліцыянтамі пад кіраўніцтвам палкоўніка Паўлічэнкі.

Нагадаем, у 2004 годзе Паўлічэнку ўзнагародзілі высокім царкоўным ордэнам роўнаапостальскага вялікага князя Ўладзімера 3 ступені – за будаўніцтва царквы на тэрыторыі ягонай вайсковай часткі. Мы паспрабавалі высьветліць, як паставілася кіраўніцтва Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы да процістаяньня на Плошчы, да разгону ўдзельнікаў акцыі.

Прэсавы сакратар мітрапаліта Менскага й Слуцкага Філарэта Андрэй Петрашкевіч пазыцыю праваслаўнай царквы ахарактарызаваў так:

(Петрашкевіч: ) “Ніякіх афіцыйных камэнтароў не было – таму што ў іх не было патрэбы. Пазыцыю царквы выказаў мітрапаліт, калі выступаў на ІІІ Усебеларускім сходзе. Справа ў тым, што яшчэ рашэньнем Маскоўскага сыноду Рускай праваслаўнай царквы палітычныя прапаганда і агітацыя ў царкве забароненыя. Забароненыя царквой самой для сябе”.

Сытуацыю з тым, што ўзнагароджаны царквою Паўлічэнка камандаваў разгонам мірных дэманстрантаў, Андрэй Петрашкевіч падае так:

(Петрашкевіч: ) “Мая асабістая думка – ён чалавек службовы, прызваны выконваць загады, ня надта задумваючыся над сэнсам, які ўкладалі тыя, хто гэтыя загады аддаваў. Ён чалавек вайсковы, да яго й падыходы павінны быць, як да вайсковага. Я так разумею. І ня толькі да яго, але да любога, хто працуе ў сілавых ведамствах. А што да яго ўзнагароды, то жыцьцё чалавека шматплянавае. Ён праявіў тыя якасьці як чалавек, як хрысьціянін і як службовая асоба, якасьці, якія далі магчымасьць Царкве ўзнагародзіць яго за будаўніцтва храму”.

Незадоўга да свайго арышту ля Кастрычніцкай плошчы лідэр АГП Анатоль Лябедзька прапанаваў мітрапаліту Філарэту забраць у Паўлічэнкі ордэн – за зьбіцьцё перад так званым Усебеларускім зьездам Аляксандра Казуліна. Вось цытата з гэтага звароту: “Істота са схільнасьцямі садыста, якая зьбівае людзей, што ляжаць на падлозе, ня можа быць хрысьціянінам і чалавекам, вартым павагі й узнагароды... Расейская праваслаўная царква павінна клапаціцца пра свой аўтарытэт. Гэта грэх – падтрымліваць і заахвочваць такіх, як Паўлічэнка”. Адказу Анатоль Лябедзька не дачакаўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG