Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура не выключае, што польскі дыплямат быў зьбіты ў Горадні


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Намесьнік польскага консула ў Горадні Рышард Бадонь-Легра, які быў знойдзены непрытомным тыдзень таму ў сябе ў кватэры і потым перавезены зь Беларусі ў Беласток, дагэтуль знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане – пракуратура не выключае, што гэта наступства зьбіцьця дыплямата.

У намесьніка польскага консула ў Горадні Рышарда Бадонь-Легра лекары знайшлі ўнутрычарапны кровападцёк і былі вымушаныя паінфармаваць пракуратуру, бо ў такой сытуацыі нельга выключыць, што дыплямат быў зьбіты.

(Раінка: ) “Пацыент паступіў у наш шпіталь без аніякіх дакумэнтаў з вынікамі абсьледаваньняў беларусіх лекараў. Мне цяжка казаць, як усё можа скончыцца – ён сапраўды ў вельмі цяжкім стане,” – заявіў журналістам дырэктар Беластоцага шпіталя міністэрства ўнутраных справаў Януш Раінка.

Спадар Раінка адзначыў, што Рышард Бадонь-Легра, нягледзячы на апэрацыю, дагэтуль непрытомны.

Між тым у Беластоцкай пракуатуры распачатая крымінальнае сьледзтва ў гэтай справе. Гаворыць прадстаўнік пракуратуры Януш Кардульскі.

(Кардульскі: ) “Пабоі вельмі сур’ёзныя. Гаворка ідзе пра ўнутрычарапны кровападцёк ды апёкі ў некаторых месцах. Тут ёсьць падазрэньге, што яны маглі ўзьнікнуць у выніку ўдару элекрашокерам”.

У сваю чаргу МЗС Польшчы заяўляе, што няма падставаў падазраваць, што намесьнік польскага консула ў Горадні быў зьбіты, бо супрацоўнікі консульства, якія знайшлі яго непрытомным у кватэры ня лічаць, што гэта быў напад, а толькі што спадар Бадонь-Легра страціў прытомнасьць і ўдарыўся галавой аб крэсла.
XS
SM
MD
LG