Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Па дарозе нас запужвалі фатаздымкамі забітых людзей..."


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія пасьля разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы былі арыштаваныя, асуджаныя, зьбітыя. Суразмоўца "Свабоды" – студэнт другога курсу Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Аляксандар Квіткевіч.

Нядаўна ён скончыў пераклад папулярнага фантастычнага твору “Хронікі Нарніі” з ангельскай на беларускую мову, каб выдаць кнігу ў Беларусі. За ўдзел у начной дэманстрацыі з 20 на 21 сакавіка атрымаў сем сутак. Пры мэдычным аглядзе па вяртаньні з-за кратаў у Аляксандра дыягнаставалі запаленьне лёгкіх.

На плошчу 20 сакавіка Аляксандра прывяла асабістая грамадзянская пазыцыя.

(Квіткевіч: ) “Сама палітыка мяне ня столькі цікавіла, колькі тое, што мяне зноў падманулі. І гэта крыўдна – немач гэтая, калі немагчыма нешта зрабіць, роспач зьяўляецца проста страшэнная. Але зьмяніць нешта хочацца – каб ад людзей нешта залежaла, каб зь іхнымі галасамі лічыліся".

Аляксандар лічыць, што выстаяць першую ноч – самую цяжкую і страшную, на думку “беларускіх майданьнікаў”, як яны сябе называюць – дапамагла сіла духу і моц яднаньня.

(Квіткевіч: ) “Мы ведалі, што, калі разыдуцца людзі ў першую ноч, на другую там нікога ўжо ня будзе. І мы разумелі: трэба выстаяць. І на нейкай моцы – я ня ведаю, адкуль яна бралася – толькі, можа, з падтрымкі адзін аднаго... Таму што цяжка было вельмі і нават было страшна. З пэўнай рэгулярнасьцю з-за палацу выходзілі людзі ў цывільным і далучаліся да нас. Мы бачылі, што ў іх ад вуха цягнуцца дроцікі нейкія, чулі загады, якія яны атрымлівалі: “Пока никого не брать!” Нас трымаў страх – і пачуцьцё: “Трэба!” Трэба прастаяць – мы ж ужо нешта паказалі – паказалі, што мы ёсьць і колькі нас было...”

Аляксандар сьведчыць, што дарога ў вязьніцу стала асобным выпрабаваньнем.

(Квіткевіч: ) “Пачалі дэманстраваць фатаздымкі на дысплэі тэлефона – там былі целы забітых. Яны казалі: “Вось мы такое ўчынілі людзям... Бачыце, куды вы трапілі, што з вамі будзе? Гэта – наша ранейшая работа”.

Наступным днём перад судом Аляксандра вазілі з аднаго суду ў іншы. Зь перамоваў міліцыянтаў ён чуў аргумэнтацыі: маўляў, каля аднаго суду сабраліся журналісты, каля другога міліцыянты пабачылі Казуліна з паплечнікамі. Перад аб''яўленьнем прысуду адвакатка пасьпела папярэдзіць Аляксандра: маўляў, прызнаеш віну –7 сутак атрымаеш, не прызнаеш – 13. Недарэчнасьцяў у паказаньнях сьведкаў-міліцыянтаў судзьдзя ня ўлічвала.

Тым часам Аляксандравы бацькі шукалі яго і паўсюль мелі адказ: тут яго няма. Маці Аляксандра Галіна шкадуе, што, магчыма, ахвяраваньне здароўем і высілкі сына на плошчы ў марозную ноч могуць стацца бессэнсоўнымі. Але і яна, і бацька Аляксандра ганарацца сынам.

(Галіна: ) “Улада мае вельмі шмат магчымасьцяў – яна мае міліцыю, суды і гэтак далей. А людзі тым часам нічога ня ведаюць – так, у мяне на працы ўсе былі “за”. Але процьма знаёмых, якія наагул нічога ня ведаюць. У нас у сям’і канфлікт з бацькамі, з роднымі – таму што яны вераць толькі ў тое, што паказваюць па БТ”.

За Аляксандра перажывалі і ягоныя аднакурсьнікі. Найперш хваляваліся за тое, каб ён застаўся ва ўнівэрсытэце. Ягоная сяброўка Каця Пазьняк расказала:

(Каця: ) “Хадзілі да дэкана, пісалі характарыстыкі на тых, каго затрымалі і асудзілі на суткі – каб іх не адлічвалі. Нам сказалі, што ня хочуць і ня маюць намеру пакуль што гэта рабіць, але калі атрымаюць загад зьверху, то выйсьця ня будзе”.

Аляксандар Квіткевіч упэўнены, што справа, якую пачаў беларускі Майдан, будзе жыць. Сёньня ўсе ягоныя думкі пра тых, хто пакуль што застаецца за кратамі, думкі пра тое, як наладзіць перадачы для зьняволеных.
XS
SM
MD
LG