Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уначы з турмы ў Менску выпусьцяць каля дзясятка жанчын-палітзьняволеных


Радыё Свабода, Менск Турмы на Акрэсьціна і ў Жодзіна не зьмяcьцілі той колькасьці палітвязьняў, якімі папоўнілася Беларусь у выніку нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў і зьвязаных зь імі пратэстамі ў Менску. Турма Менскага раёну – трэцяя ўстанова, дзе ўтрымліваюцца арыштаваныя на Кастрычніцкай плошчы апазыцыянэры, прычым усе яны – жанчыны.

Турма для апазыцыянэрак месьціцца на сталічнай вуліцы Скарыны. Сёньня ля сьцен гэтай установы можна было бачыць сваякоў і паплечнікаў удзельнікаў нядаўніх акцый пратэсту:

(Цімкоўскі: ) “У мяне тут дачка. Яна студэнтка Белдзяржунівэрсытэту. Яна патрапіла сюды ў ноч на 24 сакавіка, калі захоплівалі “намётавы гарадок”. Іх спачатку завезьлі на Акрэсьціна, потым – сюды. Там амапаўцы вялі сябе па-бандыцку, бо так зь людзьмі не паводзяць сябе, тым больш з жанчынамі, дзяўчатамі”.

Як паведаміў Іосіф Цімкоўскі, ягоную дачку Сьвятлану суд пакараў 7 суткамі арышту. Мяркуецца, што гэтай ноччу студэнтка-трэцякурсьніца юрыдычнага факультэта БДУ выйдзе на волю. Чакае вяртаньня дадому дачкі Аліны а 3-й гадзіне ночы і жыхарка Менску Сьвятлана Жызьнеўская:

(Жызнеўская: ) “Дачцэ 19 гадоў. Таксама затрымалі яе, калі бралі “намётавы гарадок”. Кожны дзень хаджу, перадаю перадачы. З учорашняга дня ўвялі плату за ўтрыманьне тут – 3 100 рублёў за суткі. Вось яна пабыла тут 7 сутак –мне давялося прыехаць сёньня і заплаціць 21 700 рублёў, каб атрымаць даведку”.

Паводле спадарыні Жызьнеўскай, тут утрымліваюцца і жанчыны, якіх арыштавалі падчас прымеркаванай да Дня Волі акцыі 25 сакавіка. Апроч бацькоў і блізкіх, палітвязьняў гэтай турмы сёньня наведалі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сярод іх лідэр менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ігар Шынкарык:

(Шынкарык: ) “Мы прывозілі перадачы для тых людзей – нашых партыйцаў з АГП, якія былі затрыманы падчас палітычных акцыяў на Кастрычніцкай плошчы. Але й мы перадавалі перадачы, нягледзячы на партыйную прыналежнасьць. Толькі б патрапіла ў камэры. Бо мы ведаем, што там усе камэры – палітычныя. Таму мы былі вельмі рады перадаць усё, што дазволена”.

Мяркуецца, што сьцены гэтай турмы сёньняшняй ноччу пакіне агулам каля дзясятка жанчын.
XS
SM
MD
LG