Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Л.Злотнікаў: кошт расейскага газу для Беларусі можа ўзвысіцца больш як удвая


Радыё Свабода Начальнік аддзела па працы з замежнымі СМІ прэсавай службы “Газпрому” Дзяніс Ігнацьеў паведаміў “Свабодзе”, што тэма падвышэньня кошту газу для Беларусі толькі пачала абмяркоўвацца, ніякія канкрэтныя лічбы яшчэ не называліся.

Беларускі бок мае прадставіць свае прапановы па ўмовах супрацоўніцтва на будучы год да 30 красавіка. Цягам года яны будуць абмяркоўвацца, і цяпер беларусам яшчэ няма чаго хвалявацца, зазначыў спадар Ігнацьеў:

(Ігнацьеў: ) “Гэта пытаньне для абмеркаваньня абодвух бакоў, калі вы думаеце, што мы зараз будзем нейкія вялікія патрабаваньні выстаўляць, то не, гэта будзе ня так, гэта было толькі першае абмеркаваньне, чакайце наступных паведамленьняў”.

(Карэспандэнт: ) “Так, як для Ўкраіны, ня будзе ва ўльтыматыўнай форме?..”

(Ігнацьеў: ) “Намякну вам: не, яўна ня будзе, мы ж саюзная дзяржава і ўсё такое”.

Пытаньне аб выкупе “Газпромам” акцыяў “Бетрансгазу” пакуль не абмяркоўвалася, але можа быць адной з тэмаў для далейшых перамоваў, зазначыў спадар Ігнацьеў.

Што такое эўрапейскі кошт газу для Беларусі? Вось як акрэсьліў яго прадстаўнік "Газпрому":

(Ігнацьеў: ) “Гэта значыць, рынкавы кошт, вылічаны па формуле цаны, што ўключае ў сябе вялікую колькасьць кампанэнтаў, у тым ліку расход на транспарціроўку, прывязку да коштаў на нафтапрадукты і іншыя крыніцы энэргіі. Гэта даволі складаная формула”.

Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што рынкавы кошт газу для Беларусі можа складаць 100 – 120 даляраў, гэта больш чым у два разы больш, чым плаціць Беларусь за расейскі газ сёлета – 46,68 даляра за тысячу кубамэтраў. Ці вытрымае беларуская эканоміка такую нагрузку? Меркаваньне Леаніда Злотнікава:

(Злотнікаў: ) "Ну куды ж дзенецца? Але ж нейкая колькасьць прадпрыемстваў стануць стратнымі. Ёсьць такія прадпрыемствы, напрыклад, вытворчасьць цэмэнту, там каля 40 адсоткаў – гэта сабекошт паліва, энэргіі. Калі гэта павялічыцца ўдвая, ужо не гаворым утрая, то пэўна, што гэтыя прадпрыемствы стануць стратнымі, і нявыгадна будзе ўжо экспартаваць гэтую прадукцыю".

Кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Вазьняк нагадаў, што Аляксандар Мілінкевіч шчыра папярэджваў выбарцаў, што пасьля выбараў незалежна ад таго, хто іх выйграе, Расея будзе падвышаць кошты на нафту і газ для Беларусі, і трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі.

(Вазьняк: ) "Што тычыцца таго, чаму гэта адбылося сёньня, а не напярэдадні 19 сакавіка – ну, магчыма Крэмль пашкадаваў Лукашэнку, каб не "хаваць" яго ўжо адразу. Значыцца, яны яго "пахаваюць" цяпер".
XS
SM
MD
LG