Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні працягваюцца штодзённыя пікеты перад амбасадай Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні працягваюцца штодзённыя пікеты і акцыі пратэсту перад будынкам амбасады Беларусі ў Літве. Да пікетоўшчыкаў прыходзяць у пошуках сяброў ці блізкіх, ад якіх няма зьвестак пасьля мітынгаў у Менску.

У пікетах бяруць удзел пераважна студэнты, многія зь былі на мітынгах у Менску, некаторыя былі і самі затрыманыя. Амаль у кожнага ў турмах ёсьць сябры, блізкія людзі, сваякі.

Пікетоўшчыкі трымаюць плякаты, якія былі на акцыях у Менску, заклікі на розных мовах “Свабоду палітзьняволеным!”, а таксама вялікія лісты са сьпісамі пакараных за ўдзел у акцыях пратэсту.

(Ніка, студэнтка: ) “Да нас прыходзіць шмат розных людзей, шукаюць сяброў. Быў вось і чалавек з Гішпаніі, ён шукаў свайго сябра, затрыманыя ж былі ня толькі беларускія грамадзяне”.

Валянцёр з Італіі, які працуе ў Коўне ў арганізацыі для інвалідаў, распавёў, што быў у Беларусі, і цяпер прыяжджае на пікеты ў Вільні, калі толькі можа.

(Альбэрта: ) “Я б хацеў зрабіць яшчэ больш для свабоды Беларусі. Я падтрымліваю нашых братоў. Беларусы для нас браты, яны таксама ў Эўропе, толькі ня маюць свабоды. Амаль усе мае сябры ў Беларусі пасьля масавых пратэстаў выключаныя з унівэрсытэтаў, многія ў турмах. Пра некаторых дасюль нават не вядома, дзе яны”.

Адзін з арганізатараў, Томас Тамілінас з Цэнтру аб''яднаных беларускіх ініцыятываў, кажа, што пікеты, якія трываюць больш за два тыдні, будуць працягвацца.

Ні на перададзеныя звароты, ні на ліст літоўскіх парлямэнтароў дасюль ніякага адказу ад амбасады Беларусі ў Літве ня было. Кожны дзень удзельнікі пікету запрашаюць да размовы прадстаўнікоў амбасады.

(Карэспандэнтка: ) “Ці выходзіў амбасадар, ці прадстаўнік амбасады да вас?”

(Тамілінас: ) “Не, мы ўсё яшчэ чакаем, ніхто не прыходзіў. Ніякай рэакцыі ня было.”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы думаеце, чаму яны не выходзяць да вас?”

(Тамілінас: ) “Я думаю, што большасьць зь іх хацелі бы самі тут стаяць, таму яны і баяцца – саромеюцца.”

На пытаньне адносна пікетаў прэсавы прадстаўнік амбасады Беларусі ў Літве раней адказваў, што “не пасьпявае нават і паглядзець на пікет, бо вельмі шмат працы”. Апошнімі днямі з амбасады Беларусі гучаць абяцаньні сустрэцца, якія штодня адкладаюцца на наступны дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG