Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына падтрымлівае санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва


Радыё Свабода, Прага Нямецкі бундэсканцлер Ангела Мэркель рэзка скрытыкавала масавыя фальсыфікацыі ў часе беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў і разам з дэпутатамі Бундэстагу заклікала ўрад краіны зрабіць усё для неадкладнага вызваленьня арыштаваных сябраў беларускай апазыцыі.

Камэнтуючы ўчорашнюю 49-хвілінную прамову Ангелы Мэркель ў нямецкім парлямэнце, аглядальнікі падкрэсьліваюць, што ў параўнаньні зь яе папярэднікам Шродэрам Мэркель дэманструе больш цьвёрдыя прынцыпы што да міжнароднай палітыкі Бэрліна.

Як піша "Іnternational Нerald Тribune", свой учорашні выступ у Бундэстагу Ангела Мэркель пачала не з пытаньняў унутранай, як чакалася, а з пытаньняў зьнешняй палітыкі. Яна спынілася на сытуацыі ў такіх краінах як Аўганістан, Іран, Конга і Беларусь і падкрэсьліла, што міжнародная стратэгія Нямеччыны будзе будавацца на падтрымцы каштоўнасьцяў чалавечых правоў і свабодаў. Паводле Ангелы Мэркель, гэтыя прынцыпы павінны ня проста абмяжоўвацца словамі, але і сьцьвярджацца на практыцы. Паводле яе, Нямеччына мусіць уплываць на ўмацаваньне дэмакратыі і сацыяльнай справядлівасьці ў Беларусі. Ангела Мэркель выказалася таксама і за падтрымку санкцыяў, накіраваных супраць беларускага кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамляе шэраг нямецкіх выданьняў, за ўвядзеньне санкцыяў выказаліся ўчора ўсе фракцыі Бундэстагу, за выключэньнем партыі левых (PDS). Фракцыі Хрысьціянскіх дэмакратаў, Свабодных, Сацыял-дэмакратаў і Зялёных запатрабавалі ад ураду Нямеччыны замарозіць банкаўскія рахункі і ўвесьці візавыя забароны ў дачыненьні да тых беларускіх чыноўнікаў, якія нясуць адказнасьць за парушэньне міжнародных выбарчых стандартаў і за рэпрэсіўныя акцыі супраць мірных дэманстрантаў.

Нямецкія дэпутаты запатрабавалі таксама ад фэдэральнага ўраду запрасіць лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча на наступны саміт ЭЗ ў Люксэмбургу, які адбудзецца праз два тыдні. Яны запатрабавалі ад нямецкага кіраўніцтва зрабіць усё, каб арыштаваныя ў Беларусі, у тым ліку і Аляксандар Казулін, былі неадкладна вызвалены.

Паводле нямецкіх парлямэнтароў, Бэрлін павінен усебакова падтрымліваць дэмакратычны рух і грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, садзейнічаць іхнай далейшай перамозе. “Людзі ў Беларусі пачынаюць перамагаць страх”, і дзеля салідарнасьці зь імі “кіраўніцтва Нямеччыны павінна выкарыстаць усе магчымыя сродкі, у тым ліку непарыўны дыялёг з Расеяй па беларускай праблематыцы”, гаворыцца ў заяве Бундэстагу.
XS
SM
MD
LG