Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч і прэм''ер Польшчы падпісалі дэклярацыю аб дапамозе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 30 сакавіка Аляксандар Мілінкевіч наведаў Варшаву, дзе сустрэўся з прэм’ер-міністрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам. Была падпісаная Дэклярацыя аб стварэньні фонду дапамогі рэпрэсаваным беларускім студэнтам імя Кастуся Каліноўскага. Палітыкі абмеркавалі шляхі дапамогі з боку Польшчы ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Афіцыйная частка візыту Аляксандра Мілінкевіча ў Варшаве пачалася з наведваньня Парлямэнту, дзе беларускага палітыка вітаў маршалак Сэйму Марак Юрэк.

(Юрэк: ) “Дзясяткі і сотні актывістаў, якія падтрымлівалі Аляксандра Мілінкевіча, зрабілі вельмі важную справу, аднак мы разумеем, што без выбітнага лідэрства спадара Мілінкевіча такія зьмены ў беларускім грамадзтве, якія адбыліся апошнім часам, не былі б магчымыя, таму выказваем вам нашае шчырае прызнаньне і цешымся, што можам вітаць вас сёньня ў Сэйме”.

Потым, ужо ў Сэнаце, адбылося адкрыцьцё выставы фатаздымкаў з акцыяў пратэсту ў Беларусі, а таксама, з удзелам маршалка Сэнату Богдана Барусэвіча – прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная абмеркаваньню сытуацыі ў Беларусі пасьля выбараў.

Між тым у часе цырымоніі падпісаньня Дэклярацыі аб стварэньні фонду дапамогі беларускім студэнтам імя Кастуся Каліноўскага ў запоўненай да апошняга месца галоўнай аўдыторыі Варшаўскага унівэрсытэту зьяўленьне Аляксандра Мілінкевіча сустрэлі працяглымі авацыямі.

Акрамя Аляксандра Мілінкевіча і прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча Дэклярацыю адпісалі рэктары Варшаўскага, Кракаўскага, Познаньскага унівэрсытэтаў ды шэрагу іншых вядучых ВНУ Польшчы.

Прамаўляючы перад прысутнымі Казімеж Марцінкевіч адзначыў, што свабода заўсёды пачыналася ад унівэрсытэтаў, таму новы польскі ўрад не вагаўся, калі зьявілася ініцыятыва дапамагчы рэпрэсаваным беларускім студэнтам.

(Марцінкевіч: ) “Мы змаглі пераканаць Эўразьвяз заняць больш жорсткую пазыцыю што тычыцца так званых выбараў у Беларусі, але трэба дапамагаць далей. Мы ня так даўно часткова самі ўзялі, часткова атрымалі каштоўнае дабро, якое завецца свабодай і дэмакратыя. Гэтай каштоўнасьцю нам трэба падзяліцца з вамі, беларусамі”.

У сваю чаргу Аляксандар Мілінкевіч падзякаваў палякам за падтрымку беларускіх студэнтаў.

(Мілінкевіч: ) “Шаноўны спадар прэм’ер, шаноўныя спадары рэктары польскіх унівэрсытэтаў – гэта сапраўдны адна з найлепшых хвілінаў у маім жыцьці, бо я адчуваю сэрцам і душой, што такое сапраўднае братэрства, сапраўдная салідарнасьць. Дзякуй вам за гэта, вялікі дзякуй!”

Беларусы могуць разьлічваць прынамсі на 300 месцаў у польскіх ВНУ – ім будуць аплачаныя кошты навучаньня і пражываньня ў Польшчы. Ужо ад ліпеня ў ВНУ Польшчы пачнуцца курсы польскай мовы для беларускіх студэнтаў, пачатак заняткаў – сёлета 1 кастрычніка. Польскі прэм’ер паабяцаў таксама стварыць праграму стажыровак для маладых беларускіх адмыслоўцаў, якія змогуць даведацца, як працуюць іхныя калегі ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG