Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Людзі ідуць да турмы на Акрэсьціна


Радыё Свабода Каля турмы на менскай вуліцы Акрэсьціна па-ранейшаму зьбіраюцца чэргі. Людзі прыходзяць за некалькі гадзінаў да адкрыцьця, каб перадаць ежу і вопратку сваім зьняволеным сваякам, а затым пасьпець на працу. Прыходзяць сюды і ўдзень.

Зрабіць перадачы да пачатку працоўнага дня ўдаецца далёка ня ўсім, а таму гэтымі днямі многія людзі вымушаны былі браць адпачынак за свой кошт. Гутару зь некаторымі:

(Карэспандэнтка: ) “Ці вам лёгка было аддаць перадачу?”

(Спадарыня: ) “Ой, вы ведаеце, цяжка, вельмі цяжка. Сёньня во прыйшлі зранку й толькі цяпер, да абеду, удалося перадаць. Ня ведаю, дзе гэтае дзіця, што зь ім. Кажуць, што там і халодна, і што іх не кармілі першы час. Ня ведаю, чым іх тут кормяць, абы-чым комяць — і за гэта яшчэ трэба плаціць, 45 тысяч 500 рублёў, па-мойму. Людзі кажуць, што нават пры немцах ня трэба было плаціць за ўтрыманьне за кратамі”.

(Іншая спадарыня: ) “Крыху менш людзей стала пад мурамі Акрэсьціна — магчыма, першая плыня ўжо схлынула. Людзі перадалі самае неабходнае, хоць праз чатыры-пяць дзён, але ўсё ж перадалі. І крыху супакоіліся, што ў людзей цывілізаваных, у ХХІ стагодзьдзі, нарэшце зьявілася зубная шчотка й кавалак мыла. І гэта ўжо шчасьце, разумееце? Ваду пітную перадалі, бо там вада вельмі дрэнная”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што адбылося цяпер, праз колькі дзён?”

(Спадарыня: ) “Гэта ўсё вельмі цяжка, гэта страшна, гэта нейкі сталінскі рэжым”.

(Іншая спадарыня: ) “Ведаеце што, хрысьціянская мараль — яна была, ёсьць і будзе заўсёды. І як бы ні гвалцілі людзей, яны ўсё роўна застануцца людзьмі”.

Некаторыя людзі прыходзілі да турмы на Акрэсьціна групамі са сваіх працоўных месцаў, каб наведаць зьняволеных калегаў.

(Спадар: ) “Мы прыйшлі да сябра, да калегі па працы. Яго асудзілі на 15 сутак, а ўвогуле ў нас такіх двое чалавек. Вось прыйшлі перадаць ім перадачу”.

(Карэспандэнтка: ) “Як ставіцца ваша кіраўніцтва да гэтых людзей?”

(Іншы спадар: ) “Кіраўніцтва падтрымлівае й не пакіне гэтых людзей”.

(Іншы спадар: ) “Ніякіх рэпрэсіяў з гэтай нагоды да іх ужыта, думаю, ня будзе”.

(Карэспандэнтка: ) “А што пра гэтую сытуацыю кажуць вашыя калегі?”

(Спадар: ) “Мы на ўнутраным сайце нашай кампаніі правялі галасаваньне, праўда, па кандыдатах. У нас апазыцыйныя кандыдаты — Казулін зь Мілінкевічам — больш за 90% набралі”.

(Карэспандэнтка: ) “Тады што можаце сказаць пра афіцыйныя вынікі выбараў?”

(Спадар: ) “Тое, якім шляхам гэта было дасягнута, масавая дэзынфармацыя, а таксама аднабаковае асьвятленьне падзеяў, не дазваляла людзям паглядзець на тое, што робіцца ў нашай краіне, зь іншага боку”.

(Карэспандэнтка: ) “Масавыя арышты й зьбіцьцё людзей — ці не паўплывае гэта на настрой людзей выказваць сваю думку й сваю нязгоду?”

(Спадар: ) “Канечне, такое запалохваньне, яно падзейнічае і яно на руку ўлады. Хоць частка людзей вырашыць, што калі ўлада зусім адбілася ад рук, то нешта трэба рабіць”.
XS
SM
MD
LG