Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шчучынскага актывіста абвінавачваюць у тэрарызьме


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць Да Сяргея Ляшкевіча, кіраўніка ініцыятыўнай групы Мілінкевіча ў Шчучыне, вылучана абвінавачаньне ў навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках. Цяпер яго ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы.

Маці Сяргея Ляшкевіча — Ірына Ляшкевіч, дамагаецца, каб сына выпусьцілі пад заклад на час сьледзтва. Яна ня бачыла сына з таго часу, як яго арыштавалі, і, да таго ж, упэўнена, што паказаньні сьведкі ёсьць паклёпам. Сёньня яна наведала сьледчага й пракурора.

Гаворыць Ірына Ляшкевіч:

(Ляшкевіч: ) “Ой, няма ніякай надзеі: сьледчы сказаў, што ня выпусьціць, нават пад заклад. І ў пракурора была, таксама пыталася, ці ёсьць нейкія надзеі. А ён мне адказаў так: "Наўрад ці"”.

Са словаў маці Сяргея Ляшкевіча, той мае вельмі слабое здароўе, хварэе на астму. Маці баіцца, што ў камэры стан ягонага здароўя можа рэзка пагоршыцца. Заўтра спадарыня Ляшкевіч зноў будзе размаўляць са сьледчым.

Сяргея Ляшкевіча арыштавалі 14 сакавіка. Нехта Аляксандар Бурдзей склаў у міліцыі паказаньні, быццам Сяргей Ляшкевіч навучаў яго тэрарыстычнай дзейнасьці. Сьледчы Іван Новікаў абгрунтаваў рашэньне аб арышце тым, што Сяргей Ляшкевіч можа ўцячы альбо зьдзейсьніць новыя злачынствы.
XS
SM
MD
LG