Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчыя штабы Казуліна й Мілінкевіча падрыхтавалі скаргі ў Вярхоўны суд з патрабаваньнем прызнаньня вынікаў выбараў несапраўднымі


Валер Каліноўскі, Менск Скарга ў Вярхоўны суд з патрабаваньнем прызнаць мінулыя прэзыдэнцкія выбары несапраўднымі падрыхтавана штабам экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, які знаходзіцца ў жодзінскім сьледчым ізалятары. Бліжэйшым часам яна будзе перададзена ў Вярхоўны суд. Аналягічная скарга ад імя іншага апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, Аляксандра Мілінкевіча, будзе пададзена заўтра.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб паведаміў, што скарга ў Вярхоўны суд складае больш за 450 старонак. Гэта своеасаблівы маніторынг парушэньняў выбарчага заканадаўства пад час усіх этапаў кампаніі.

(Грыб: ) “Мы паведамілі пра ўсе, на наш погляд, парушэньні заканадаўства пад час выбараў, што былі зафіксаваны, пра рэакцыю ЦВК на ўсе нашы прапановы й скаргі, а таксама пра тое, што мы высьветлілі й бачылі пад час назіраньня за выбарамі”.

Паводле Мечыслава Грыба, для прызнаньня выбараў несапраўднымі суду дастаткова вывучыць інфармацыю пра няроўныя ўмовы для кандыдатаў; парушэньні падчас датэрміновага галасаваньня й падліку галасоў; абмежаваньні ў працы назіральнікаў.

Аналягічную скаргу на прызнаньне выбараў 19 сакавіка несапраўднымі й прызначэньне паўторных выбараў падрыхтавалі і ў штабе Аляксандра Мілінкевіча — гаворыць кіраўнік юрыдычнай службы штабу Ўладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Першая частка — тое, што адбывалася да дня галасаваньня. Гэта і парушэньні пры фармаваньні камісіяў, і абмежаваньне магчымасьцяў агітацыі, і выключная агітацыя за Лукашэнку па тэлебачаньні. Другі блёк — парушэньні пад час галасаваньня (датэрміновага, у дамах, на ўчастках), у працэсе падліку галасоў. Падаюцца сотні фактаў гэтых парушэньняў. Ёсьць вялікія дадаткі да скаргі, якія паказваюць, што сыстэмна па ўсёй краіне адбываліся фальсыфікацыі”.

У выбарчых штабах і Мілінкевіча, і Казуліна ня маюць асаблівых ілюзіяў наконт вынікаў разгляду іхных скаргаў у Вярхоўным судзе й нават наконт рэальнасьці такога разгляду.

Адзін з распрацоўшчыкаў Выбарчага кодэксу, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі кажа, што беларускі выбарчы закон, адрозна ад украінскага, не прадугледжвае магчымасьці скасаваньня вынікаў выбараў цалкам, і такім чынам Вярхоўны суд можа разглядаць скаргі толькі на нейкія канкрэтныя парушэньні.

Тым часам, як паведаміў Мечыслаў Грыб, пасьля разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе выбарчы штаб Аляксандра Казуліна будзе пераўтвораны ў Камітэт вызваленьня экс-кандыдата на прэзыдэнта, які цяпер знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.
XS
SM
MD
LG