Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да сьцен жодзінскай турмы штодзень прыходзяць дзясяткі людзей


Міхал Стэльмак, Менск Палітычных вязьняў жодзінскай турмы не пакінулі без увагі сябры й паплечнікі. Сёньня ля турэмных сьцен можна было пабачыць шмат людзей, якія прывезьлі перадачы арыштаваным.

Турма, дзе ўтрымліваюцца ўдзельнікі акцыі на Кастрычніцкай плошчы Менску, месьціцца на ўскраіне Жодзіна. Дзясяткі наведнікаў зь ліку сваякоў, сяброў і аднадумцаў палітвязьняў ля турэмных сьцен знаёміліся між сабой, абменьваліся зьвесткамі пра арыштаваных:

(Спадарыня: ) “Я — цётка Грынчыка Віктара. Яму споўнілася 19 гадоў 21 сакавіка. Я спакойна не магу казаць… Побач былі такія ж хлопцы. Мы ежу насілі. Кожны дзень езьдзілі. Вечарамі былі там”.

(Карэспандэнт: ) “Вы да кагосьці прыехалі?”

(Спадар: ) “Да свайго сябра”.

(Карэспандэнт: ) “Як ягонае прозьвішча?”

(Спадар: ) “Красячкоў Віталь. Прыйшоў хлопец з народам стаяць на Кастрычніцкую плошчу. Дакладней: на плошчу Кастуся Каліноўскага. Таму што абрыдла цяперашняе жыцьцё — хлопец хацеў перамен”.

(Карэспандэнт: ) “Ён — студэнт?”

(Спадар: ) “Так, ён студэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту”.

(Іншая спадарыня: ) “Мы мімаходзь сына пабачылі, калі яго выводзілі”.

(Карэспандэнт: ) “Як ягонае прозьвішча?”

(Іншая спадарыня: ) “Чыкмароў Зьміцер. Калі раней у 90-х гадах былі такія выступы, то хлопцам давалі па двое сутак — тады такіх жорсткіх захадаў не рабілі”.

Цяпер студэнту Чыкмарову ў жодзінскай турме давядзецца адседзець 10 сутак. Апроч яго, тут, паводле неафіцыйных зьвестак, знаходзіцца больш за паўтары сотні палітвязьняў. Каля двух дзясяткаў зь іх трымае галадоўку пратэсту. Жодзінскія міліцыянты, аднак, ухіляюцца ад камэнтароў на гэтую тэму:

(Міліцыянт: ) “Мы ніякай інфармацыі ня можам даць”.

(Карэспандэнт: ) “А як здароўе арыштаваных?”

(Міліцыянт: ) “Нармальна. Добрае здароўе”.

Між тым, далёка ня ўсе наведнікі вераць словам міліцыянтаў. Спадзяюцца толькі, што сокі й харчаваньне дапамогуць пратрымацца ў няволі.

Шмат харчовых перадач прывезьлі сёньня ў жодзінскую турму актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з намесьнікам старшыні Сяргеем Альфэрам:

(Альфэр: ) “У жодзінскім СІЗА знаходзіцца чатыры сябры АГП — Дзяніс Дзянісаў, Зьміцер Завадзкі, Андрэй Козел і Вадзім Казначэеў. Астатнія людзі, якія тут знаходзяцца, не зьяўляюцца сябрамі нашай партыі, але яны былі разам зь імі на Кастрычніцкай плошчы, і мы лічым нашым абавязкам падтрымаць гэтых людзей. Каб ведалі: мы пра іх памятаем, мы зь імі разам”.
XS
SM
MD
LG