Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты Расеі і Ўкраіны спрачаюцца аб крытэрах назіраньня за выбарамі


Радыё Свабода Сёньня ў Менску экспэрты краінаў СНД завяршылі двухдзённыя дэбаты наконт новай рэдакцыі Палажэньня аб місіі назіральнікаў ад Судружнасьці, якія працуюць на прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах ў дзяржавах СНД. Падчас дыскусіі сутыкнуліся два падыходы: расейскі бок прапаноўвае абмежавацца касмэтычнымі праўкамі дакумэнту; украінцы выступаюць за кардынальныя зьмены.

Прадстаўнікі Ўкраіны лічаць, што цяпер пры назіраньні за выбарамі, асабліва пры складаньні справаздачаў, неапраўдана вялікая роля адводзіцца выканкаму СНД. Яго кіраўнік Уладзімер Рушайла асабіста ўзначальвае ўсе місіі назіральнікаў ад Судружнасьці. І гэта ўплывае на канчатковую рэдакцыю выніковай справаздачы.

Прыкладам таго, як зазначалі ў кулюарах, — выбары прэзыдэнта Беларусі. У адсутнасьць спадара Рушайлы доўгатэрміновыя назіральнікі СНД, якія працавалі ў Беларусі, хаця і асьцярожна, але даволі крытычна выказваліся пра некаторыя этапы выбарчай кампаніі. А са зьяўленьнем кіраўніка місіі, які вярнуўся ў Беларусь за тыдзень да галасаваньня, іхны тон зьмяніўся: маўляў, усё ідзе надзвычай добра. Таму Ўкраіна прапануе даць больш самастойнасьці ў ацэнках краінам і іхным назіральнікам, якія назіраюць за выбарчымі працэсамі. А выканкам няхай займаецца толькі арганізацыйнымі справамі.

Расея, адрозна ад Украіны, хоча па-ранейшаму пакінуць за выканкамам СНД галоўную ролю ў арганізацыі і падвядзеньні вынікаў працы назіральнікаў. Расейскую пазыцыю актыўна падтрымлівае Беларусь. А да пазыцыі Ўкраіны набліжаецца Казахстан.

Экспэрт з Казахстану Асан Кажакаў удзельнічаў у доўгатэрміновым назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Я спытаў яго, што патрэбна зрабіць, каб выбары ў Беларусі надалей былі справядлівымі і празрыстымі, і чаму справаздачы СНД і АБСЭ так моцна разыходзяцца. Мой суразмоўца гаворыць, што вывучае абодва дакумэнты:

(Кажакаў: ) “Мне асабіста таксама цікава даведацца, дзе нашыя погляды супадаюць, а дзе — разыходзяцца. У гэтым, дарэчы, няма вялікага страху, бо нездарма кажуць, што дзе два юрысты — там тры думкі. Адно і тое ж можна трактаваць па-рознаму. Хаця ў папярэднім пляне можна казаць пра тое, што выбарчае заканадаўства Беларусі патрабуе пэўных зьмяненьняў — запаўненьня прабелаў і нават, каб не ўзьнікала двухсэнсоўнасьці”.

Экспэрты сьведчаць, што дыскусія ў СНД аб місіі назіральнікаў была вострай. Ускосна гэта пацьвярджаецца і тым, што журналістам не дазволілі сачыць за дэбатамі, хаця напярэдадні іх акрэдытавалі і паабяцалі дапусьціць на паседжаньне.
XS
SM
MD
LG