Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут прэсы: "Беларусь – адна з найгоршых краінаў рэгіёну"


Кастусь Бандарук, Прага Міжнародны інстытут прэсы ў Вене апублікаваў гадавую справаздачы аб стане свабоды друку ў сьвеце за 2005 год. Паводле дакумэнту, летась амаль ва ўсіх рэгіёнах сьвету журналісты змагаліся за права на свабоднае выконваньне сваіх прафэсійных абавязкаў, але становішча журналістаў ў Беларусі Інстытут прэсы назваў бадай найгоршым у рэгіёне.

Паводле Даяны Арловай, адной з суаўтарак справаздачы, сытуацыя ў галіне свабоды выказваньня ў Беларусі вельмі дрэнная, і за апошні час яна яшчэ больш пагоршылася ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі:

(Арлова: ) “Беларусь відавочна адна з найгоршых краінаў ў рэгіёне. Закрыцьцё шматлікіх газэтаў ў 2004 і 2005 гадох працягвалася і летась. У Беларусі вельмі мала свабоды для незалежных мэдыяў. Яны сутыкаюцца зь вялікімі праблемамі, калі прадстаўляюць дзеяньні ўладаў ў крытычным сьвятле”.

Даяна Арлова ўдакладніла, што ў Беларусі (як, дарэчы, у Расеі і Туркмэністане) журналісты запалоханыя. Яны баяцца за сябе, баяцца штрафу альбо фізычнага гвалту, калі асьмеляцца крытыкаваць ўлады. У такой сытуацыі многія журналісты цалкам пазьбягаюць небясьпечных тэмаў і ўсё часьцей самі сабе навязваюць вымушаную абставінамі самацэнзуру.

У беларускай частцы справаздачы пералічаныя больш за два дзясяткі самых гучных выпадкаў перасьледу, закрыцьця альбо забароны распаўсюду незалежных, друкаваных выданьняў, такіх як “Народная Воля”, “Наша Ніва”, “Згода”, “Товарищ”, “Салідаранасць”, “БДГ”, “Биржа информации”. Міжнародны інстытут прэсы паведамляе пра затрыманьні, зьбіцьцё і адміністрацыйныя арышты некалькіх дзясяткаў беларускіх і замежных журналістаў.

Паводле справаздачы, летась па ўсім сьвеце падчас выконваньня сваіх абавязкаў загінулі 65 журналістаў. Як паведаміў адзін з аўтараў справаздачы Дэйвід Дэдж, у мінулым годзе 23 зь іх былі забітыя ў Іраку, 20 – у Азіі, 11 загінулі ў абедзьвюх Амэрыках. Вялікая колькасьць журналістаў па ўсім сьвеце спазнала розныя абмежаваньні, перасьлед, зьбіцьцё, зьняволеньне і розныя формы гвалту. Хіба адзіная аптымістычная выснова ў сёлетняй справаздачы – летась па ўсім сьвеце загінула меней журналістаў, чым у 2004 годзе.
XS
SM
MD
LG