Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Los Angeles Times”: у Беларусі было арыштавана больш за 1000 чалавек


Радыё Свабода 29 сакавіка Генпракурор Беларусі Пётр Міклашэвіч прызнаў, што пасьля выбараў былі затрыманыя больш як 500 чалавек. А ў сёньняшнім нумары амэрыканскай газэты “Los Angeles Times” паведамляецца, што колькасьць арыштаваных ў Беларусі пасьля выбараў дасягае тысячы чалавек.

Амэрыканская газэта спасылаецца на беларускіх праваабаронцаў, у прыватнасьці на кіраўніка цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, які кажа, што такія масавыя арышты адбыліся ў Беларусі ўпершыню, і ён ня можа згадаць нічога падобнага ў мінулым.

“Los Angeles Times” піша пра арыштаванага былога кандыдата на прэзыдэнта экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, якому пагражае да шасьці гадоў турмы ў адпаведнасьці з новым заканадаўствам, пра гэта ў тэлефонным інтэрвію газэце заявіў адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч. Паводле адваката, беларускія ўлады вывучаюць і заяву Аляксандра Казуліна ў часе акцыі 25 сакавіка. Ён сказаў, што ў выпадку, калі ўлады выкарыстаюць зброю супраць дэманстрантаў, то “Лукашэнку трэба пакінуць апошнюю кулю для сябе”. Аляксандра Казуліна таксама могуць абвінаваціць і ў хуліганстве ў сувязі зь ягонай няўдалай спробай трапіць на 3-ці Ўсебеларускі сход, а таксама за тое, што ён парваў партрэт Лукашэнкі ў пастарунку міліцыі.

“Los Angeles Times” цытуе жонку Аляксандра Казуліна Ірыну, якая ўпэўненая, што гэта палітычна матываваная справа. “Яны хочуць канчаткова выдаліць лідэра сёньняшняй апазыцыі і запалохаць іншых актывістаў апазыцыі”, – кажа Ірына Казуліна.

Аляксандар Казулін, як паведамляецца, быў моцна зьбіты падчас арышту, яго прымушалі станавіцца на калені ў кайданках ў часе перавозкі, спэцназаўцы прыстаўлялі аўтаматы да ягонай галавы.

Амэрыканская газэта адзначае, што справа супраць экс-кандыдата – пакуль на стадыі расьсьледаваньня, чакаецца, што на гэтым тыдні яму выставяць абвінавачаньні. Выданьне цытуе праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які кажа пра недапушчальнасьць такога абыходжаньня з кандыдатам на прэзыдэнта.

Праваабронцы гавораць таксама пра затрыманых замежных журналістаў, пра кепскія ўмовы зьняволеньня палітычных вязьняў і пра галадоўку ў Жодзінскім ізалятары. Сярод затрыманых шмат студэнтаў, і пакуль незразумела, будуць яны адлічаныя з навучальных установаў ці ім дазволяць працягнуць вучобу, піша “Los Angeles Times”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG