Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15-гадовая Вера Купчанка пранесла дыктафон на Акрэсьціна


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Вера Купчанка, якую разам з маці Кацярынай Кляцоўкай і былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Марыюшам Машкевічам затрымалі на Кастрычніцкай плошчы ў ноч ліквідацыі намётавага гарадка патаемна запісала некалькі гадзінаў таго, што адбывалася ў ізалятары на Акрэсьціна, на партатыўны дыктафон. На стужцы чуваць, як міліцыянты змушаюць стаяць усіх затрыманых тварам да сьцяны, не пускаюць у прыбіральню і гэтак далей.

15-ці гадовая Вера Купчанка жыве ў Варшаве, аднак калі ў Беларусі пачаліся акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыяй, яна разам з маці і Марыюшам Машкевічам, паехала ў Менск, каб быць на Кастрычніцкай плошчы. Доўга, аднак, пастаяць там не атрымалася.

(Вера: ) “...раптам я пачула, што нехта цягне мяне за валасы – міліцыянт цягне, вельмі моцна. Мама сказала мне крычаць, я крычала моцна, але яны цягнулі мяне – працягнулі так праз увесь пляц і кінулі ў аўтобус як быдла нейкае. Я так моцна ўдарылася галавой, што дагэтуль баліць”.

Ужо ў турме на Акрэсьціна Вера, хаця міліцыянты адразу папярэдзілі, што нічога запісваць нельга, патаемна ўключыла дыктафон, які схавала ў пальчатку.

(Вера: ) “Гэта ў ізалятары запісана. Там адразу сказалі – не размаўляць і не запісваць нічога. Міліцыянты крычалі матам і блюзьнерствы розныя гаварылі!”

Нягледзячы на дрэнную якасьць запісу, на стужцы, аднак чуваць, як міліцыянты змушаюць затрыманых стаяць тварам да сьцяны і не размаўляць.

(Міліцыянт: ) “Што за раслабон такі, я не разумею? Усе тварам да сьцяны і ніякіх размоваў паміж сабой!”

Не пускаюць ў прыбральню.

(Затрыманы: ) “Прабачце, а ці можна ў туалет?

(Міліцыянт: ) “Нельга!”

Ці пагражаюць адабраць мабільныя тэлефоны ў тых, хто іх не адключыў.

(Міліцыянт: ) “Хто тут не зразумеў, што тэлефоны трэба адключаць? Будзем забіраць тэлефоны, больш іх не атрымаеце”.

Цікавы фрагмэнт дыскусіі, калі адзін з затрыманых спрабуе пераканаць міліцыянтаў, што ўлады іх папросту выкарыстоўваюць. Тыя, аднак кажуць што “ня хочуць размаўляць” і “гэтага нават ня слухаюць”.

(Міліцыянт: ) “Я з вамі не размаўляю і слухаць не хачу – вось цяпер, напрыклад, ня чуў”.

Веру Купчанка выпусьцілі на наступны дзень пасьля затрыманьня бо яна не паўналетняя. Дзяўчына, аднак, кажа, што калі ёй споўніцца 18 гадоў, дык ніхто яе не стрымае, каб браць удзел у акцыях пратэсту.

(Вера: ) “Калі б мне было 18 гадоў, дык ніхто не пераканаў бы мяне, што ня трэба ісьці на акцыі”.

Гл.таксама • Кацярына Кляцоўка: "Амонавец крычаў яму: "ня бі яе, яна зусім малая", а той бярэ і б''е" • Марыюш Машкевіч дастаўлены з Акрэсьціна ў бальніцу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG