Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тэрыторыі Літвы забаранілі БТ (абноўлены)


Радыё Свабода Камісія тэлерадыё Літвы забараніла ўсім дзяржаўным і прыватным тэлекампаніям краіны рэтрансьляваць праграмы беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў. У рашэньні камісіі адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць дэзынфармацыю. Дырэктар Літоўскай асацыяцыі кабэльнай тэлевізіі Юозас Юрэлёніс паведаміў, што асацыяцыя, якая аб’ядноўвае каля пяцідзесяці кампаніяў, выканае рашэньне камісіі. Чаму прынята такое рашэньне? Як да яго ставяцца беларусы Літвы і афіцыйныя ўлады Беларусі?

Рашэньне было прынятае з увагі на ранейшую рэзалюцыю літоўскага парлямэнту адносна выбараў у Беларусі, якія прызнаныя несапраўднымі. У гэтай рэзалюцыі Сойму ўлада Беларусі названая “дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі”. У ёй выказваецца рэзкае асуджэньне “рэпрэсіяў супраць апазыцыі”. У рашэньні Камісіі таксама адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць дэзінфармацыю.

Старшыня Саюзу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, які зьяўляецца чальцом Камісіі тэлерадыё Літвы, і які таксама прымаў рашэньне забараніць трансьляцыю беларускага тэлебачаньня ў краіне, пракамэнтаваў гэта так:

(Радзявічус: ) “Па гэтым канале ня толькі ідзе дэзынфармацыя пра Літву, але і сам канал тэлевізіі выкарыстоўваецца як інструмэнт прапаганды рэжыму, які не зьяўляецца дэмакратычным. Да таго ж, мы выказалі сваю пазыцыю і ў дачыненьні выбараў, якія таксама у Літве ня лічацца дэмакратычнымі. Я лічу, што забарона каналаў — гэта маральная ацэнка таго, што там трансьлюецца, што дэманструецца людзям. У Літве такое непрымальна”.

Ці ня будуць беларусы Літвы, якіх у краіне даволі багата, пазбаўленыя крыніцы інфармацыі, вестак з радзімы? Такое пытаньне я задала беларусу Андраніку Антаняну, які больш за дзесяць гадоў стала жыве ў Вільні.

(Антанян: ) “Я ня думаю, што гэтая крыніца інфармацыі для беларусаў Літвы была галоўнай. Ёсьць радыёвяшчаньне беларускае ў любым выглядзе: дзяржаўнае радыё альбо Радыё Свабода, якое тут ловіцца вельмі добра. Пры жаданьні можна атрымаць інфармацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Карацей, страта для вас гэта невялікая?”

(Антанян: ) “Для мяне? Ніякай! Пасьля таго, як тэлевізія перайшла ў фармат вяшчаньня для замежнікаў, і там перасталі паказваць беларускі футбол, страты ніякай”.

(Карэспандэнтка: ) “А навіны вы глядзелі калі-небудзь?”

(Андранян: ) “Ну, як вам сказаць… Пару хвілінаў глядзеў. Але падача матэрыялу для мяне вельмі цяжкая, таму што ідзе атака, узвод эмацыйны, слухаць мне даволі цяжка”.

Як афіцыйныя беларускія ўлады ацэньваюць забарону трансьляцыі беларускага тэлебачаньня ў Літве, я спрабавала высьветліць ў Міністэрстве інфармацыі. Памочнік міністра Віктар Казлоў вельмі зьдзіўлены:

(Казлоў: ) “А што, яны трансьлявалі Беларускае тэлебачаньне?”

(Карэспандэнтка: ) “Вядома”.

(Казлоў: ) “Якія да нас пытаньні? Калі такое рашэньне прыняў літоўскі бок, ён мае права гэта рабіць. Зь якой нагоды Міністэрства інфармацыі будзе камэнтаваць рашэньне аналягічнага органу альбо сваіх калег у Літве? Ну вырашылі, і вырашылі. То бок усё нармальна”.

Першая намесьніца міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адзначыла:

(Ананіч: ) "Беларускае тэлебачаньне нельга забараніць – гэта міжнародны спадарожнікавы канал. Хто хоча яго глядзець, будзе глядзець па спадарожнікавай талерцы".

У інтэрвію “Інтэрфаксу” міністар інфармацыі Беларусі Ўладзімер Русакевіч заявіў, што рашэньне аб забароне трансьляцыі беларускага тэлебачаньня ў Літве прынята “з-за страху атрыманьня літоўскімі грамадзянамі аб’ектыўнай інфармацыі аб сытуацыі ў Беларусі”.

***

Дзяржаўная беларуская тэлевізія ў мінулую суботу ў сваіх рэпартажах паведаміла, што кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна, міністар замежных справаў Літвы і літоўская амбасада нібыта рыхтавалі мітынгі пратэсту ў Менску падчас прэзыдэнцкіх выбараў і кіравалі імі. Прэзыдэнт Літвы і іншыя кіраўнікі Літвы заявілі, што ня будуць палемізаваць з тэлеканаламі, якія кантралююцца дыктатарскім рэжымам.
XS
SM
MD
LG