Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні створаны Фонд дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня У ліку ініцыятараў і заснавальнікаў – і людзі сталага веку, былыя гімназісты Віленскай беларускай гімназіі – Галіна Войцік, Яраслаў Станкевіч, Міраслава Русак, і беларускія грамадзкія дзеячы з розных арганізацыяў, студэнты. На рахунак ад першага дня рэгістрацыі пачалі прыходзіць ахвяраваньні.

Рахунак фонду адкрыты грамадзкай арганізацыяй “Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча”. Галоўная ініцыятарка і заснавальніца фонду Людзьвіка Вітушкава распавяла нашаму радыё, што гэта будзе і матар''яльная дапамога, і маральная падтрымка, якая аб''яднае і ўзмоцніць беларусаў.

(Вітушкава: ) “У Беларусі ўзаемная дапамога вельмі разьвітая. Заўсёды, калі нешта здараецца у блізкага ці роднага чалавека, яму дапамагаюць. Мы зрабіліся цяпер адзінай сям''ёй, мы разам. Зьняволеных у Беларусі ужо звыш тысячы.

Я вельмі спадзяюся на дапамогу, на тое, што да нашай ініцыятывы паставяцца з разуменьнем. Я вось мяркую па калегах на маёй працы. Кожную раніцу яны пытаюцца: ну, што там у Беларусі? На сёньняшні дзень найбольш важная праблема – падтрымка тых, хто пацярпелі ад рэпрэсіяў, арыштаў і іх сем''яў.”

Фонд створаны, паводле заснавальнікаў, дзеля таго, каб даць магчымасьць большай колькасьці людзей далучыцца да дапамогі. Пасьля зьбіцьця мірных дэмантрантаў і арыштаў у Менску людзі, якія раней не цікавіліся палітыкай і грамадзкай дзейнасьцю, шукаюць магчымасьць дапамагчы тым, хто пацярпеў за праўду, і такіх людзей усё больш.

(Вітушкава: ) “Гэтая ідэя зьявілася даўно, і не ў мяне адной. У тыя дні, калі нашая моладзь стаяла на плошчы, мы ужо пачыналі зьбіраць грошы і рэчы, ўжо тады хацелася дапамагаць ім.”

Ідэю фонду падтрымалі іншыя арганізацыі ў Літве. У ліку першых – грамадзкая арганізацыя Аб''яднаны цэнтр беларускіх ініцыятываў, на сайце якой (www.jubic.org) можна знайсьці ўсю інфармацыю пра літоўскі фонд дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі. Л.Вітушкава паведаміла, што на момант адкрыцьця рахунку ўжо былі першыя ахвяраваньні.

(Вітушкава: ) “Першыя ўзносы зрабілі, натуральна, заснавальнікі. Так што першыя грошы ўжо на рахунку ёсьць, пачатак добрай справе пакладзены.”

Паводле заснавальнікаў, сама ідэя такога фонду, як народнай ініцыятывы, абвяргае абвінавачваньні беларускай улады ў тым, што ўдзельнікам акцыяў пратэсту плацілі замежныя дзяржавы.

(Вітушкава: ) “У беларускіх лукашэнкаўскіх мас-мэдыях гавораць, што тым людзям, якія выходзяць на мітынгі, пратэстуюць супраць фальсіфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах, нібыта плацяць грошы. Гэта няпраўда. Я са сваёй сям''ёй набыла візы, страхоўкі, білеты – усё самі – і мы прыехалі ў Менск, каб быць разам з усімі. Мы зрабілі для сябе сьвята, мы былі з самай лепшай часткай нашага народу, мы спаткалі там сваіх сяброў. Мы пабачылі, як нас разам багата. А што да дапамогі з боку Эўразьвязу і іншых краінаў, то гэтага ніхта і не хавае – гэтыя грошы не выдзяляюцца канкрэтным людзям, яны ідуць на разьвіцьцё радыё, тэлевізіі, і гэтак далей. У гэтым няма нічога заганнага. Гэта цалкам нармальна для чалавека дэмакратычных паглядаў, які шануе сваё і паважае погляды іншых. Такому чалавеку таксама баліць за тое, што недзе б''юць людзей, чыняць гвалт.”
XS
SM
MD
LG