Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знакаміты аграрнік Бядуля адхілены ад пасады


Радыё Свабода У мястэчку Расна Камянецкага раёну не аціхаюць жарсьці вакол адстаўкі старшыні мясцовага сельгаскаапэратыву “Советская Белоруссия”, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Ўладзімера Бядулі. Знакаміты аграрнік быў адхілены ад пасады пасьля таго, як Аляксандра Лукашэнку абвясьцілі пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў.

Пэнсіянэрка Антаніна Плісун калісьці загадвала фэрмай у “Советской Белоруссии”. Як яна ўспрымае адстаўку знакамітага старшыні і аднавяскоўца?

(Плісун: ) “Я думаю тое, што яны няправільна паставіліся да яго. Хіба можна так ставіцца да чалавека, які адпрацаваў 50 гадоў?! Першы дзень пайшла на сход, а на другі дзень не пайшла зусім. Прыйшла нейкая жанчына з міністэрства – яна ўжо камандуе, яна ўжо намесьніца міністра… Навошта такую камэдыю рабіць з чалавека? Двойчы Герой, калгас ардэнаносны… Калі вы начальства, то навошта так абражаць чалавека?! Гэта ж ганьба! Гэта ж яму вельмі цяжка перажыць”.

Нагадаю, тыдзень таму вяскоўцы сабраліся ў мясцовым Палацы культуры, дзе Ўладзімер Бядуля зьбіраўся рабіць справаздачу – ня толькі расказаць пра дасягненьні гаспадаркі, а й агучыць пляны на будучыню. Але начальства настойліва прапанавала абвясьціць сход справаздачна-выбарчым. Для двойчы Героя ды жыхароў Расна такая ініцыятыва была настолькі нечаканай, што вырашылі паўторна сабрацца наступным днём. Бядуля ноч думаў і ня стаў удзельнічаць у выбарах, а напісаў заяву пра адстаўку. Хто быў яе сапраўдным ініцыятарам, былы старшыня назваць адмовіўся:

(Бядуля: ) “Ня трэба. Я вас прашу. Не рабіце мне “мядзьведжай паслугі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму так лічыце?”

(Бядуля : ) “Гэта іншае пытаньне. Праз два-тры тыдні стэлефануемся”.

Уладзімер Бядуля да адстаўкі быў самай ганараванай асобай у асяродзьдзі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Бядуля пачаў ухваляць яго палітыку, у тым ліку аграрную. У сваю чаргу, прэзыдэнт не аднойчы выкарыстоўваў знакамітага старшыню для падтрымкі свайго курсу. І вось – нечаканая разьвязка, хоць яшчэ на нядаўнім так званым Усебеларускім сходзе старшыня і прэзыдэнт былі разам у прэзыдыюме. Яшчэ адзін знакаміты экс-старшыня – двойчы Герой Сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў лічыць, што такі фінал кар’еры спадара Бядулі немагчымы бяз санкцыі кіраўніка краіны. Нагадаю, у адрозьненьне ад Уладзімера Бядулі, пры канцы 1990-х гадоў Лукашэнка падтрымаў ціск праваахоўных органаў на некалі славутага кіраўніка калгасу “Расьсвет” Кіраўскага раёну, якое ўрэшце закончылася турэмным пакараньнем старога ўжо чалавека. Васіль Старавойтаў нагадаў, што ў тыя складаныя для яго часы ён так і не дачакаўся падтрымкі ад калегаў-старшыняў, у тым ліку й ад Уладзімера Бядулі:

(Старавойтаў: ) “Ды не! Гэты чалавек ня можа гэтага рабіць. Я не магу сказаць, што ў Бядулі ёсьць нешта добрае, чалавечае ў дачыненьні да мяне. Ён са мной ніколі не размаўляў пасьля таго, як гэта здарылася са мною. І я сувязі зь ім ня маю. Ён – вялікі каньюнктуршчык”.
XS
SM
MD
LG