Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары і беларуская дыяспара: замежныя беларусы рэагуюць на апошнія падзеі на Бацькаўшчыне


Ганна Сурмач, Прага У перадачы “Беларускае замежжа” працягвае гучаць тэма “Прэзыдэнцкія выбары і беларуская дыяспара”. Галасаваньне, яго вынікі, пратэсты супраць фальсыфікацыі, разгон дэманстрацыяў у Менску, перасьлед апазыцыі – за ўсімі гэтымі падзеямі зацікаўлена, а часта з болем у сэрцы назіралі тыя, хто застаўся беларусам і на чужыне, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны.

Большую частку ўдзельнікаў дэманстрацыяў пратэсту ў Беларусі складала моладзь, і я запрасіла да ўдзелу у нашай перадачы маладых беларусаў, якія жывуць у замежжы. Некаторыя зь іх назіралі за падзеямі на Радзіме, хваляваліся, спачувалі, іншыя – дапамагалі. Ёсьць і тыя, хто беспасярэдне ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі і мітынгах пратэсту.

Паехалі галасаваць дадому студэнты выгнанага зь Беларусі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту зь Вільні, некаторыя зь іх засталіся разам зь сябрамі на Кастрычніцкай плошчы.

Студэнт-палітоляг Алесь кажа, што сярод арыштаваных на пляцы ёсьць студэнты ЭГУ.

(Алесь: ) “Так, сапраўды, з 19 сакавіка група студэнтаў была там на пляцы, нехта зь іх вярнуўся ў Вільню, а некаторыя засталіся да канца і цяпер арыштаваныя”.

(Карэспандэнтка: ) “У Вільні ўжо зьявіліся новыя палітычныя эмігранты?”

(Алесь: ) “Так, на аднаго з нашых студэнтаў заведзена ў Беларусі крымінальная справа, і яму ўжо нельга туды вяртацца, каб не атрымаць 5 гадоў зьняволеньня”.

(Карэспандэнтка: ) “Алесю, Вы сказалі, што гэты студэнт цяпер побач з Вамі. Ці магу пагаварыць зь ім?

За што на Вас заведзеная гэтая крымінальная справа, калі можна пра гэта гаварыць?”

(Студэнт: ) “За палітычную актыўнасьць, я зьяўляўся актывістам “Маладога фронту”, быў старшынём Кальварыйскай рады гэтай арганізацыі”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму менавіта цяпер, Вы ж, як сказаў мне Алесь, цяпер вучыцеся ў Вільні, у ЭГУ?”

(Студэнт: ) “Я паехаў у якасьці назіральніка на выбары. Мне давялося пабыць 4 дні на выбарчым участку падчас датэрміновага галасаваньня. Мы складалі акты і пратаколы аб парушэньні заканадаўства. 18 сакавіка мне патэлефанаваў мой добры знаёмы і папярэдзіў, што выпісана пастанова на арышт мяне і таму мне трэба тэрмінова ад''яжджаць з краіны”.

(Карэспандэнтка: ) “Ад якой арганізацыі Вы былі назіральнікам?”

(Студэнт: ) “Я быў назіральнікам ад Беларускага Хэльсынскага камітэту”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі было магчыма працаваць назіральнікам?”

(Студэнт: ) “Назіраньне было вельмі складанае, таму што працэс выбараў быў цалкам закрыты, нам не давалі зьвестак аб колькасьці бюлетэняў, колькасьці выбарцаў. Назіральнікаў фактычна не дапускалі да працы.

Я напісаў некалькі скаргаў, склаў акты аб парушэньнях і занёс у вышэйшую выбарчую камісію і ў пракуратуру, але з пракуратуры мяне адправілі і сказалі, што яны гэтага не разглядаюць.

Я чакаў, што нешта такое будзе, бо ўлада не пацерпіць іншай думкі. Гэта вельмі жахліва: там знаходзіцца шмат маіх сяброў, яны цяпер арыштаваныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Студэнт ЭГУ Аляксей таксама быў у Менску падчас выбараў і пасьля іх”.

(Аляксей: ) “Так, я быў два дні ў лягеры на Кастрычніцкай плошчы. Цяпер вярнуўся ў Вільню. Шмат затрымалі людзей, якія былі побач са мною з Горадні і зь іншых гарадоў, яны ўсе цяпер сядзяць. Нехта сядзіць з нашых студэнтаў, у некага блізкіх пасадзілі, цяпер ня ведаюць, дзе яны знаходзяцца. У майго суседа з інтэрнату пасадзілі брата, і ён ня ведае нічога пра яго”.

(Карэспандэнтка: ) “Алеся Кушняра, актывіста беларускага моладзевага руху ў Маскве, я знайшла ў Менску”.

(Кушнер: ) “Падчас выбараў я быў у Маскве, у пятніцу прыехаў у Беларусь. Я, безумоўна, сачыў за ўсімі падзеямі, што адбываліся”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія ўражаньні маеце ад таго, што пабачылі ў Менску?”

(Кушнер: ) “Было прыемна пабачыць, што такая вялікая колькасьць людзей выйшла на вуліцы. Гэта зьдзівіла, такога не было, напэўна, цягам апошніх дзесяці гадоў. Безумоўна, перад тымі людзьмі, якія стаялі да канца, варта проста стаць на калені: яны перамаглі свой страх, перамаглі саміх сябе і выйшлі на пляц. Я ўпэўнены, што менавіта ад гэтых выбараў трэба пачаць адлік канца лукашэнкаўскай эпохі. Усяму сьвету было відаць, што людзі неабыякавыя да таго, што адбываецца, да гэтага бяспраўя. Гэта вельмі моцны штуршок для ўсяго беларускага грамадзтва, каб пераасэнсаваць, што адбылося і прыйсьці да высноваў, што трэба мяняць. Інакш нас можа напаткаць нешта жахлівае”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчулі Вы зьмены ў грамадзтве, у настроях мінакоў на вуліцах гораду?”

(Кушнер: ) “Кожны раз, калі я прыяжджаю ў Менск, адзінае, што мне кідаецца ў вочы, што з кожным разам усё больш і больш у людзей смутку ў вачах. Па ўсіх тэлеканалах у Беларусі гаворыцца, што тут шчасьлівая краіна. А насамрэч людзі ходзяць такія прыбітыя, што проста жахліва на іх глядзець. Калі прыяжджаю, першае, што я пачынаю адчуваць, гэта нейкі неймаверны ціск, псыхалягічны. У паветры лунае гэтае адчуваньне, што нешта ня тое ў краіне. Адчуваньне беззаконьня, несправядлівасьці, нелягічнасьці таго, што адбываецца.

Цяпер моладзь выйшла – іх абліваюць брудам, гавораць, што ім грошы нехта плаціць. Якія грошы, калі людзі ўсё зрабілі самі. Моладзь сама выйшла і сама ўсё зрабіла. Ніхто ні тое што капейчыны ня даў, але і ўвогуле ніхто не дапамог.

Тое, што паказваюць тэлеканалы, там добра відаць, што заслалі правакатараў. Яны пілі гарэлку, і іх здымалі для тэлевізіі, быццам гэта п’юць удзельнікі акцыі пратэсту. Гэта такі падман, гэта сапраўды жах, гэта жах”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці лічыце, што нейкія зьмены на лепшае магчымыя ў Беларусі?”

(Кушнер: ) “Ня ведаю, але я ўвогуле аптыміст. Я ўпэўнены, што ўсё будзе добра, але колькі на гэта трэба часу, ня ведаю. Ёсьць такі выраз: падзяляй і ўладар. Вось гэта і адбываецца цяпер у Беларусі, грамадзтва падзеленае. Лукашэнка падзяліў людзей. Тых, хто хоча свабоды, паліваюць брудам – вось, маўляў, Захаду хочуць прадаць Беларусь. А што цяпер робіць Лукашэнка? Лукашэнка цяпер гандлюе Беларусьсю, сваёй краінаю, дзе ён нарадзіўся. Ён гандлюе народам, і на гэта немагчыма спакойна глядзець. Я ўпэўнены, што з кожным годам у людзей усё больш і больш адкрываюцца вочы. Яны пачынаюць разумець, што напраўду адбываецца ў краіне, яны пачынаюць бачыць, што усё гэта падман, ашуканства. Ужо немагчыма слухаць, што кажуць на беларускім радыё і тэлебачаньні. Сапраўды, можна зьехаць з глузду, калі целы дзень пасядзець і паглядзець БТ, можна вар''ятам зрабіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Уладзімер Булынёнак з Ірляндыі мог толькі сачыць за ходам выбараў”.

(Булынёнак: ) “Сачыў, вельмі шкада, што не было магчымасьці прагаласаваць: ня мог паехаць у Лёндан, а тут не было выбарчага ўчастку, у Ірляндыі няма беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва. Але мой голас наўрад ці паўплываў бы на вынікі, бо ўсё было загадзя падрыхтавана.

На маю думку, за апошнія дзесяць гадоў людзей запалохалі, задурылі. Няма інфармацыі зь іншых крыніц, усё параўноўваецца толькі з тым, што адбываецца горшага ў іншых краінах, з былымі савецкімі рэспублікамі. Насельніцтва ня бачыць, хто можа замяніць Лукашэнку: не таму, што нікога няма, а таму, што няма інфармацыі. Ні пра Мілінкевіча, ні пра Казуліна народ толкам нічога ня ведаў”.

(Карэспандэнтка: ) “У Ірляндыі мэдыі паведамлялі пра падзеі ў Беларусі?”

(Булынёнак: ) “Так, было некалькі артыкулаў у мясцовай прэсе, але вельмі павярхоўных. Шмат людзей задавалі мне пытаньні пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ніколі ня думаў, што можа быць так балюча за сваю краіну. Ніколі такога са мною не здаралася. Мабыць, калі б не было гэтых падтасовак з боку ўлады, Лукашэнка набраў бы свае 50 адсоткаў. Але навошта дурыць наш народ, навошта так яго ганьбіць, ганьбіць нашу дзяржаву. 82 адсоткі – нават ірляндцы сьмяяліся, гэта сапраўды фарс.

Народ выйшаў на вуліцы, гэта была мірная дэманстрацыя. На мой погляд, усё было зроблена правільна, не было ніякіх правакацыяў з боку дэманстрантаў. Тое, што зрабіла ўлада, тое, што зрабіла міліцыя, – гэта ганьба, гэта не павінна было здарыцца. Для сілавых структур Лукашэнка зрабіў усё, каб забясьпечыць сабе падтрымку. Гэта дыктатура, клясычная дыктатура. Шкада, шкада і вельмі, вельмі сорамна! Жаль і сорам – тое, што я цяпер адчуваю”.

(Карэспандэнтка: ) “Яшчэ больш эмацыйна ўспрыняў сытуацыю на Бацькаўшчыне палітычны ўцякач у Галяндыі, беларускі хлопец Дзяніс”.

(Дзяніс: ) “Жудасна, жах! Не чакаў я такога, ня ведаю, куды ідзе нашая краіна. Тое, што зрабілі нашыя ўлады, гэта жудасна: і падлік галасоў, і тое, як яны разганяюць дэманстрантаў”.

(Карэспандэнтка: ) “У Галяндыі такога не назіраеце?”

(Дзяніс: ) “У Галяндыі не, ня бачыў ні разу такога. Пройдзе час, і ўсё будзе добра: гэты рэжым сам згіне. Куды ўжо болей...”

(Карэспандэнтка: ) “Беларуска Вольга Мак жыве і працуе ў ЗША. Кожны дзень яна чытае, глядзіць і слухае навіны зь Беларусі ў надзеі на перамены”.

(Мак: ) “У мяне, па праўдзе сказаць, была надзея, што нешта пераменіцца да лепшага. Але я рэалістычна глядзела на ўсё гэта, спадзявалася, але ня вельмі ўпэўнена, адчувала, што гэтым разам не адбудзецца. Нашыя людзі яшчэ, мабыць, не дасьпелі. Калі яны ўжо зусім страцяць надзею, тады, магчыма, пойдуць і будуць падтрымліваць пратэсты”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж, бачыце, людзі ўсё ж выйшлі на вуліцы?”

(Мак: ) “Скажу, што мяне гэта вельмі зьдзівіла. Я магла дапусьціць, што выйдуць маладыя людзі. Але тое, што будуць і старэйшыя... Калі больш пойдуць працоўныя людзі, тыя, каму цяпер 40 – 50 гадоў, тады штосьці зьменіцца.

Моладзь заўжды больш актыўная, яна пачынае перамены. Але ў яе недастаткова сродкаў, мабыць, яна занадта гарачая і сама ня здолее ажыцьцявіць перамены. Тут патрэбныя ня толькі гарачыя галовы, патрэбны досьвед, трэба быць і дыпляматам”.

(Карэспандэнтка: ) “Як даўно Вы жывяце ў Амэрыцы?”

(Мак: ) “6 гадоў”.

(Карэспандэнтка: ) “За гэтыя 6 гадоў Вы ўжо паглядзелі, як жывуць іншыя людзі, як жыве амэрыканскае грамадзтва. Якімі вачыма Вы цяпер глядзелі на апошнія падзеі ў Беларусі?”

(Мак: ) “Вельмі сэрца баліць, сапраўды, і хочацца там быць, зь імі. Тут у Чыкага была невялікая дэманстрацыя ў падтрымку. Самае цяжкае, што свае людзі сваіх жа беларусаў б’юць.

Я магу зразумець, калі старыя людзі: яны трымаюцца за гэтае аджылае, у іх няма надзеі, што можа быць нешта лепшае. А вось калі маладыя хлопцы супроць сваіх ідуць, міліцыянты, гэта вельмі страшна. Найгорш, што гэтым людзям, каго паб’юць, арыштуюць, выключаць з інстытутаў, ім няма куды пайсьці, каб абараніць сябе, свае правы. Іх не абараняе закон, і ніхто ім не дапаможа. Дапамогі няма ніадкуль”.

(Карэспандэнтка: ) “Яўген Крыкун пакінуў Радзіму падлеткам разам з бацькамі. Цяпер ён ужо год працуе пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту і жыве ў аўстралійскім горадзе Брысбэне. Яўген кажа, што ўважліва сачыў за сёлетняй выбарчай кампаніяй”.

(Крыкун: ) “Вядома, цікавіўся і сачыў у Інтэрнэце, заглядаў туды амаль кожныя пяць хвілінаў. Перажываў, і ў той жа час нейкая надзея зьявілася, калі ў панядзелак паглядзеў, што людзі выйшлі на плошчу, што людзі сталі пратэставаць супроць вынікаў выбараў. Назіраецца вялікі кантраст між тым, што было пяць гадоў таму, калі людзі без супраціву прынялі вынікі, зьмірыліся зь імі, і тым, што цяпер. Можа, лічбы былі гэтым разам іншыя. Гэтая адкрытая нахабнасьць, колькі ужо гэта можна глытаць? І такія прыёмы нізкія, гэтыя бутэлькі... Якія бутэлькі? Гэта ня толькі сьмешна, гэта дэманструе слабасьць гэтага рэжыму. Гнільлё! Гнільлё, я ня ведаю, колькі яно пратрымаецца, хочацца спадзявацца, што нядоўга. Вось гэтая сутнасьць рэжыму дае нейкую надзею, што ён зьнікне.

Гэта цешыць, што людзі ўсё ж выйшлі пратэставаць, што гатовыя змагацца за свае правы. Створаны, так можна сказаць, прэцэдэнт, людзі ўбачылі: страх страхам, але ёсьць мяжа ўсяму, можна і пераадолець гэты страх. Пакуль што ўсіх наступстваў гэтых падзеяў мы ня бачым, яшчэ рана падводзіць вынікі, усё гэта яшчэ адбываецца”.
XS
SM
MD
LG