Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску глядзелі навіны ОНТ з завязанымі вачыма


Любоў Лунёва, Менск На Кастрычніцкай плошчы дзясяткі менчукоў удзельнічалі ў флэш-мобе ў часе трансьляцыі выпуску навінаў на тэлеканале ОНТ. Сабраныя на пляцы сталі перад вялікім экранам і, як толькі пачаўся выпуск навінаў, павязалі на вачах чорныя і джынсавыя стужкі. Некаторыя зь іх затулілі далонямі вушы. Такім чынам людзі пратэставалі супраць інфармацыйнай палітыкі на дзяржаўным тэлебачаньні.

Блізка дзьвюх сотняў чалавек сабраліся каля вялікага экрана на Кастрычніцкай плошчы. У 20.30, як толькі пачаўся выпуск навінаў на тэлеканале ОНТ, людзі навязалі на вочы джынсавыя стужкі і стужкі чорнага колеру.

(Удзельніца акцыі: ) “Мы пратэстуем супраць бруду, які ліецца на нас з тэлебачаньня, у прыватнасьці з БТ, ОНТ, “Ладу”.

(Удзельнік акцыі: ) “Гэта знак пратэсту супраць рэжыму, супраць разгону мірнай дэманстрацыі. Мы ня бачым, не атрымліваем праўды з гэтага тэлебачаньня”.

(Удзельніца акцыі: ) “Мы паказваем, што ня згодныя з той маною, якая спрэс на тэлебачаньні. Мы помнім пра ўсіх, хто зьняволены”.

(Удзельнік акцыі: ) “Мы супраць таго, што па дзяржаўных тэлеканалах кажуць лухту”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ня згодныя з тым, як асьвятляліся падзеі на Кастрычніцкай плошчы? Ці бачылі Вы на свае вочы, як разьвіваліся гэтыя падзеі?”

(Удзельнік акцыі: ) “Вядома, бачыў. Не было ні п’яных, ні наркаманаў. А па БТ казалі, што знайшлі нейкія шпрыцы, бутэлькі. Але ж нічога гэтага не было”.

(Удзельнік акцыі: ) “Пазыцыя беларускіх тэлеканалаў проста агідная. Настолькі прамываюць мазгі людзям, што проста страшна. Гэта нават не прапаганда, гэта мэтад замбаваньня”.

Калі з экрана паведамілі, што ў ізалятарах, дзе трымаюць арыштаваных за ўдзел у апазыцыйных акцыях, добрыя ўмовы, некаторыя хлопцы засьвісталі.

Міліцыянты і байцы спэцназу міліцыі ў цывільным назіралі за акцыяй і хадзілі сярод людзей. Потым падышлі спэцназаўцы ў форме. Людзі дачакаліся заканчэньня праграмы і разышліся невялікімі групамі – хто ў мэтро, хто на прыпынак. Міліцыянты яшчэ нейкі час суправаджалі іх, але гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

Перад акцыяй на Кастрычніцкай плошчы людзі запалілі сьвечкі каля станцыі мэтро “Няміга” – на знак салідарнасьці з палітвязьнямі.
XS
SM
MD
LG