Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частка палітвязьняў Жодзінскага СІЗА трымае галадоўку


Міхал Стэльмак, Жодзіна У Жодзіне частка удзельнікаў акцыі, што адбывалася пасьля выбараў у Менску на Кастрычніцкай плошчы, трымае галадоўку. Сёньня – шостыя суткі іх знаходжаньня ў мясцовым ізалятары.

Сярод тых, хто трымае галадоўку, жыхар Смалявічаў Сяргей Гарэлік. Пра гэта Радыё Свабода сёньня паведаміла яго жонка Ала Гарэлік:

(Гарэлік: ) “Сёньня я чарговы раз перадавала перадачу – ваду, сокі. І зайшоў у гэтую залю перадач нейкі начальнік. Я падышла і задала яму сваё пытаньне. Я сказала, што мяне цікавіць здароўе майго мужа. Ён спытаўся ў мяне: “Ваша прозьвішча?” Я адказала: “Гарэлік”. Ён прапанаваў выйсьці, сказаў, што вельмі хоча пагаварыць. Мы выйшлі на вуліцу, і ён так і адказаў, што муж галадуе”.

Паводле Алы Гарэлік, міліцэйскі начальнік паведаміў ёй, што ўчора Сяргея Гарэліка аглядаў турэмны лекар і што ціск у яго нібыта нармальны. Аднак жанчына, тым ня менш, вельмі турбуецца наступствамі галадоўкі – ці не пагоршыць яна здароўя мужа, якому неўзабаве споўніцца 46 гадоў. Ала Гарэлік таксама паведаміла, што яе муж браў удзел у акцыі сьвядома – ён былы прадпрымальнік, які пацярпеў ад улады. У Першамайскім судзе Менску 27 сакавіка за ўдзел у акцыі Сяргей Гарэлік быў пакараны 10 суткамі арышту.

Жодзінская міліцыя адмаўляецца афіцыйна пацьвердзіць факт галадоўкі ў мясцовым ізалятары, дзе адбывае пакараньне больш за паўтары сотні жыхароў палаткавага гарадка. Неафіцыйна, аднак, вядома, што Сяргей Гарэлік – не адзіны палітвязень Жодзінскага СІЗА, які трымае галадоўку пратэсту. Як паведаміла Ала Гарэлік, падчас разгляду ў Першамайскім судзе справаў удзельнікаў акцыі абвінавачаныя змаглі перадаць на волю сьпіс тых, хто вырашыў праз галадоўку выказаць пратэст уладам.

(Гарэлік: ) “Гэта значыць, што яны быццам бы самі сябе запісалі. Сваёй рукой. Я бачыла гэты сьпіс і яго почырк. І бачыла, што ён там быў. І там было чалавек з дваццаць прыблізна. Там не было пранумаравана. Але потым гэты сьпіс кудысьці зьнік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG