Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вязень Жодзінскай турмы: “Па праўду я прыходзіў на плошчу”


Алег Грузьдзіловіч, Менск На волю пачалі выходзіць абаронцы палаткавага лягеру, якія адбывалі пакараньне ў Жодзінскай турме. Наш карэспандэнт сустрэўся з адным з былых “жодзінскіх” вязьняў.

Майго суразмоўцу завуць Мікалай. У мяне склалася ўражаньне, што ён мог бы дазволіць назваць ягонае прозьвішча, калі б я настойваў. Але малады чалавек працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, і гэта можа яму пашкодзіць. Усяго Мікалай правёў на Кастрычніцкай плошчы тры ночы: першую, другую і чацьвертую. Днём адпачываў дома. Кажа: напярэдадні апошняй ночы зьявілася дрэннае прадчуваньне, але зноў нешта падштурхнула на плошчу. Найперш я спытаў пра асноўныя ўражаньні ад захопу палаткавага гарадка.

(Мікалай: ) “Па-першае, мяне зьдзівіла тое, што падчас нашага арышту не было ніводнага журналіста ў нашым коле. Яны неяк зьніклі, і гэта дало магчымасьць амапаўцам нас захапіць. Я гэтак мяркую. Па-другое, гэта паводзіны амапаўцаў. Яны паводзілі сябе, як фашысты, як злачынцы ў форме. Неаднойчы казалі нам, што нас трэба адвезьці ў Курапаты”.

Паводле Мікалая, частку жыхароў палаткавага лягеру ў Жодзінскай турме разьмясьцілі ў корпусе, дзе знаходзіўся турэмны шпіталь. Вязьняў разьмясьцілі ў камэрах з ложкамі, нават выдалі бялізну. Стаўленьне вартаўнікоў да вязьняў у Мікалая не выклікае нараканьняў.

(Мікалай: ) “Вартаўнікі добра да нас ставіліся, я нават хачу ім выказаць падзяку. Некаторыя зь іх нават спрабавалі гаварыць з намі па-беларуску. Бывала, што папярэджвалі, каб не шумелі, але фізычнай сілы не ўжывалі. Пра галадоўку дакладна ня ведаю. Асабіста я першыя дні проста ня еў, бо ежа дрэнная. Але да нас ў камэру прыходзілі і пыталі, хто тут галадуе”.

Я не мог не распытаць Мікалая наконт грашовай узнагароды за удзел у падзеях на плошчы. Пра тое, што кожнаму ўдзельніку лягеру нібыта была абяцаная такая ўзнагарода, я ўпершыню пачуў ад апамаўцаў у судох падчас працэсаў. Мікалай згадаў, што ён пра гэта пачуў ад апамаўцаў яшчэ раней – калі толькі іх затрымлівалі.

(Мікалай: ) “Кожны апамавец у нас пытаўся, колькі мы атрымалі, каб там прастаяць. Я лічу, вельмі цынічна так казаць. Не выключаю, што нейкія кагэбісты падыходзілі да нейкіх асобаў, давалі ім грошы, каб гэта зьняць. Зрабіць такое вельмі проста, але ж асабіста я нічога не атрымліваў і мне нічога не прапаноўвалі. А калі б прапаноўвалі, я б ня браў. Ня дзеля грошай я туды прыходзіў, і мы ўсе туды прыходзілі. Асабіста я зарабляю тыя сярэднія 250 даляраў штомесяц, пра якія кажуць. Але гэта нічога ня значыць. Мне не падабаецца, што Беларусь апынулася сярод краінаў, якіх не паважаюць ува ўсім цывілізаваным сьвеце. Па-другое, я ня веру, што Лукашэнка сапраўды атрымаў такую перамогу, пра якую кажуць. Такім чынам, па праўду і справядлівасьць я прыходзіў на плошчу”.
XS
SM
MD
LG