Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як замежныя экспэрты ацэньваюць вынікі выбараў?


Алена Струвэ, Прага "Пра што сьведчаць вынікі нядаўніх пратэстаў у Беларусі – пра перамогу ці паразу апазыцыі?" Такое пытаньне сёньня ставяць як беларускія палітыкі ды экспэрты, так і іхныя заходнія калегі.

Шэраг аглядальнікаў цытуюць ўчорашнія выказваньні Аляксандра Мілінкевіча пра тое, што вынікі мінулых акцыяў пратэсту ёсьць першым і вельмі сур''ёзным крокам да перамогі, які зрабіў “расколіну ў цьвердзі беларускай ўлады”.

Прыводзяцца таксама і ўчорашнія словы Дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс. Яна адзначыла, што ў параўнаньні зь мінулым годам беларускай апазыцыя стала больш моцнай і што сама наяўнасьць такой апазыцыі ёсьць ужо дасягненьнем.

Тым часам экспэрт Лёнданскага аналітычнага цэнтру "Economist Intellegence Unit" Сьцюарт Генсэль робіць куды больш стрыманыя высновы. Ён лічыць, што ня варта пераацэньваць вынікі апазыцыйных акцыяў. У апошніх палітычных падзеях у Беларусі, паводле ягоных меркаваньняў, ёсьць, безумоўна, свае плюсы. У першую чаргу, гэта сам лідэр Аляксандар Мілінкевіч, зь якім, як з палітычнай асобай будзе вымушаны лічыцца Лукашэнка. Тым ня менш, адзначае Сьцюарт Генсэль, Кастрычніцкую плошчу ў Менску нельга параўноўваць з Майданам у Кіеве. На думку Генсэля, самыя вялікая праблема апазыцыі ў адсутнасьці адзінства ў яе шэрагах:

(Генсэль: ) "Зусім не выглядае, што апазыцыя мае дастатковую сілу, каб зрабіць сур''ёзны выклік Лукашэнку. Зразумела, праз пэўны час, на працягу трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі мы ўбачым тое, што было на Ўкраіне 4-5 гадоў таму. А менавіта яе мабілізацыйныя здольнасьці, тое, што яе голас будзе пачуты, нягледзячы на надзвычай неспрыяльную палітычную сытуацыю”.

Паводле экспэрта аналітычнага Цэнтру Карнэгі ў Маскве, дасягненьне палітычнага адзінства – гэта толькі частка праблемы апазыцыі. Паводле Аляксея Малашэнкі, уся сутнасьць у ізаляцыі беларускага грамадзтва ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў суседніх краінах.

(Малашэнка: ) "Гэта правінцыйнасьць беларускага грамадзтва, правінцыйнасьць ягонай палітычнай культуры. Гэта ня ёсьць ягонай віной, гэта ёсьць ягонай бядой. Такое адчуваньне, што беларускае грамадзтва адстала ад суседніх краінаў і, як гэта ня сьмешна, усё жыве па інэрцыі Савецкага Саюзу”.

Паводле Малашэнкі, большасьць беларускіх грамадзянаў задаволеныя стабільнасьцю ўлады Лукашэнкі і вельмі баяцца няўпэўненасьці, якая можа настаць у зьвязку зь пераменамі:

(Малашэнка: ) “Такое адчуваньне, што самае галоўнае для беларусаў –стабільнасьць. Вось людзі паказваюць на Ўкраіну, Расею. Там ўсё, што заўгодна можа здарыцца. Скачуць кошты, розныя дэфолты. А тут усё добра. Гэта тыповая савецкая псыхалёгія”.

Тым часам лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што галоўны вынік мінулых пратэстаў– гэта зьмена ў настрояў беларускага грамадзтва, адыход грамадзянаў ад таго, што называецца "савецкай мэнтальнасьцю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG