Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты чэскі журналіст расказаў пра паездку ў Менск (фота)


Алена Ціхановіч, Прага Рэпартэр папулярнай чэскай газэты "Mlada Fronta Dnes" быў акрэдытаваны на асьвятленьне выбарчай кампаніі ў Беларусі. Уначы з 19 на 20 сакавіка ён знаходзіўся у цэнтры Менску, сачыў за разьвіцьцём падзеяў.

У часе, калі журналіст спрабаваў перайсьці на другі бок цэнтральнага праспэкту пад мостам церазь Сьвіслач, на яго напалі невядомыя і жорстка зьбілі.

Яго павалілі на зямлю, білі па галаве, крычалі "дзе твае дакумэнты". Нападнікі забралі кампутар-ноўтбук і сатэлітны тэлефон, не зацікавіўшыся кашальком і звычайным мабільнікам.

Дыпляматычнае прадстаўніцтва Чэхіі ў Менску расцаніла гэты напад як зараней сплянаваную акцыю беларускіх спэцслужбаў.

Сёньня Ян Рыбарж расказаў пра свае ўражаньні ў праскай студыі Радыё Свабода.

(Карэспандэнтка: ) "Вы шмат разоў рыхтавалі рэпартажы з раёнаў канфліктаў, ведаеце прастору і асаблівасьці былога Савецкага Саюзу. Што вы, магчыма, не ўлічылі пры паездцы ў Беларусь?"

(Рыбарж: ) "Думаю, што я трохі недаацаніў рызыку сытуацыі. Прыгадаю, што гэты інцыдэнт здарыўся, калі я спрабаваў перайсьці праспэкт пад мостам церазь Сьвіслач, паміж Кастрычніцкай плошчай і плошчай Перамогі. Я хацеў перайсьці на другі бок. Зразумела, што ў звычайнай сытуацыі ўначы ні ў які тунэль я б не палез. Але тады сам сабе казаў: тут тысячы людзей, шмат міліцыі, у тым ліку і пераапранутых супрацоўнікаў, так што са мной нічога не здарыцца. Так што, тую сытуацыю я сапраўды недаацаніў".

(Карэспандэнтка: ) "Ці было ў вас адчуваньне, што за вамі назіраюць ад самага пачатку вашага зьяўленьня ў Беларусі?"

(Рыбарж: ) "Хутчэй за ўсё, не. Але магу патлумачыць гэта здарэньне тым, што я працаваў на плошчы з кампутарам, адразу там нешта пісаў, а потым выняў і сатэлітны тэлефон, таму што мабільная сувязь там не працавала. Два маладзёны там за мной сачылі, а калі я апынуўся адзін у тунэлі, дык верагодна палічылі, што добра было б гэтую сытуацыю скарыстаць".

(Карэспандэнтка: ) "Маглі яны ведаць дакладна, што вы чэскі журналіст?"

(Рыбарж: ) "Хутчэй за ўсё, не. Маглі здагадвацца, што я нейкі замежнік, але не выключаю, што мяне маглі зблытаць зь нейкім мясцовым актывістам. А можа і не зблыталі".

(Карэспандэнтка: ) "Такім чынам, вы былі надта адрозны, прыкметны. Ці не пашкодзіла вам менавіта гэта?"

(Рыбарж: ) "У нейкіх сытуацыях нават лепш быць адрозным, таму што гэтым вы паказваеце, што знаходзіцеся на месцы падзеяў афіцыйна. А спроба быць непрыкметным наадварот можа выклікаць падазрэньні".

(Карэспандэнтка: ) "Цяпер у чэскім друку шмат параўноўваюць падзеі аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне у 1989-м годзе і беларускія акцыі пратэсту. Наколькі, па-вашаму, гэтыя дзьве падзеі падобныя?"

(Рыбарж: ) "Яны адрозьніваюцца адным, але істотным момантам: у лістападзе 1989-га гэта была справа, якая датычыла пераважнай большасьці чэхаў і славакаў. Тыя дэманстрацыі сапраўды былі стотысячныя.

У Беларусі колькасьць ідзе на дзесяць-дваццаць тысяч. Для беларускай прасторы гэта вялізны рэкорд, вялізны посьпех, але ня думаю, што гэта магло б прывесьці да нечага падобнага, як лістападаўская рэвалюцыя ў нас.

Гэтых людзей проста мала, а Лукашэнка па-ранейшаму мае падтрымку ў многіх іншых".

(Карэспандэнтка: ) "Але вы выказалі думку, што гэта можа пакласьці пачатак пераменаў".

(Рыбарж: ) "Гэтая зьмена ў Беларусі відавочная. Па-першае, шмат гадоў у сьвеце пра Беларусь практычна не пісалі, не было там нічога новага. Цяпер сытуацыя зьмянілася.

Адначасова відаць, што апазыцыя, якая доўгія гады была ня надта выразнай, ня надта дзеяздольнай, неаб''яднанай, цяпер здолела аб''яднацца, усьвядоміць, што мае нейкую сілу, што здольная нешта рабіць".

Па заканчэньні размовы чэскі журналіст Ян Рыбарж адзначыў, што яго цікавасьць да беларускай тэмы застанецца пастаяннай і пільнай.





XS
SM
MD
LG