Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лёс зьбітага 25 сакавіка Сяргея Атрошчанкі дагэтуль невядомы


Радыё Свабода Генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч абвяргае зьвесткі, што падчас шэсьця 25 сакавіка ў Менску нехта загінуў, ці тое, што ёсьць людзі, якія дагэтуль у крытычным стане. Паводле Міклашэвіча, пацярпелі 10 чалавек, але практычна ўсе яны супрацоўнікі праваахоўчых органаў.

Тым часам праваабаронцы і журналісты недзяржаўных выданьняў чацьверты дзень спрабуюць высьветліць лёс Сяргея Атрошчанкі — чалавека, які паводле сьведкаў, быў жорстка зьбіты спэцназаўцамі пры разгоне шэсьця дэманстрантаў да турмы на Акрэсьціна.

Адразу пасьля разгону шэсьця апазыцыянэраў на менскім праспэкце імя Дзяржынскага, у рэпартажах многіх тэле– і радыёкампаніях сьвету прагучала інфармацыя пра трох моцна зьбітых удзельнікаў акцыі. Болей за тое, зьявіліся і паведамленьні прынамсі пра аднаго забітага. Называлася нават прозьвішча — Сяргей Атрошчанка.

Здымак моцна зьбітага чалавека, які ляжыць пад нагамі спэцназаўцаў, быў растыражаваны дзясяткамі інтэрнэт-выданьняў. Сьведкі расказвалі журналістам, што чалавека, які сам сябе назваў Сяргеем Атрошчанкам, міліцыянты павалілі на зямлю і жорстка білі нагамі і дубінкамі, а затым людзі выклікалі хуткую дапамогу. У машыну Атрошчанку на насілках несьлі самі міліцыянты, і, зноў жа паводле сьведкаў, прыкметаў жыцьця ён не падаваў.

У СМІ зьявіліся паведамленьні, што пацярпелага даставілі ў 4-ты клінічны шпіталь, але праз суткі яго адтуль вывезьлі ў невядомым кірунку. З таго часу новых зьвестак пра гэтага чалавека няма.

Сёньня генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч заявіў, што ў шпіталях застаюцца толькі двое цывільных, але яны маюць нязначныя цялесныя пашкоджаньні. “Ніхто не знаходзіцца ў цяжкім стане”, — канстатаваў Міклашэвіч.

Тым часам Аб’яднаная грамадзянская партыя на сваім сайце (www.ucpb.org) абвясьціла пошук Сяргея Атрошчанкі, а таксама людзей, якія пацярпелі ад міліцыі і не пазначаны ў статыстыцы Генэральнай пракуратуры.

(Супрацоўніца офісу АГП: ) “Мы абтэлефанавалі ўсё — прынамсі, усе шпіталі. Але такога чалавека “не было і няма” — нам так кажуць. Іншымі словамі, чэрапна-мазгавая траўма, наймацнейшая стадыя, ледзьве не апошняя стадыя, як шмат хто бачыў, а нам кажуць: нічога асаблівага, яго маглі адразу дадому адправіць. Але ў кампутарах ён нідзе ня значыцца”.

(Карэспандэнт: ) “І нават невядома, ці ён зь Менску, ці адкуль яшчэ?”

(Супрацоўніца офісу АГП: ) “Нічога. Мы патэлефанавалі па ўсіх гарадзкіх нумарах, па ўсіх тэлефонах мабільных на гэтае прозьвішча — плёну няма”.

Тым часам, сёньня ў праваабарончым цэнтры “Вясна” паведамілі, што раніцай па тэлефоне да іх зьвярнуліся людзі, якія назваліся сваякамі Сяргея Атрошчанкі. Яны прасілі юрыдычнай дапамогі, а таксама дапамогі ў набыцьці лекаў і вітамінаў для пацярпелага. Дзе цяпер знаходзіцца Атрошчанка і ў якім ён стане, сваякі не сказалі. Яны не выключаюць, што адпаведныя органы захочуць схаваць непажаданага сьведку ад грамадзкасьці. Гэтыя людзі абяцалі выйсьці на непасрэдны кантакт з праваабаронцамі, але на момант падрыхтоўкі матэрыялу сустрэчы пакуль не было.

Тым часам, у якасьці вэрсіі таго, што магло здарыцца зь Сяргеем Атрошчанкам, назіральнікі выказваюць меркаваньне, што яго маглі перавезьці ў вайсковы шпіталь, бо там можна забясьпечыць і ахову пацярпелага, схаваўшы яго ад журналістаў, і аказаць кваліфікаваную мэдычную дапамогу. У шпіталі адмаўляюцца ўвогуле гаварыць на гэтую тэму, а былы міністар абароны Павал Казлоўскі ўдакладняе, што калі кіраўніцтва шпіталю насамрэч атрымала ўстаноўку захаваць усё ў таямніцы, то здабыць інфармацыю папросту немагчыма.

Як стала вядома, загадчыкам шпіталяў забаранілі рэгістраваць пацярпелых 25 сакавіка менавіта як дэманстрантаў, і бальшыня тых, хто ў той дзень трапіў у шпіталі, у гісторыях хваробаў пазначаны як пацыенты з бытавымі траўмамі.

Гл.таксама • Дзень Волі 25 сакавіка – онлайн-рэпартаж, фота з разгону шэсьця • Што адбылося падчас разгону 25 сакавіка (фота) • Шэсьце на Акрэсьціна 25 сакавіка і гвалтоўны разгон (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG