Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Горадні пра масавыя арышты актывістаў апазыцыі


Радыё Свабода Як вы ставіцеся да таго, што ў Беларусі за апошнія дні былі арыштаваны сотні актывістаў апазыцыі? На гэтае пытаньне сёньня адказвалі мінакі ў Горадні. Адна з гарадзенак папрасіла не запісваць яе, але прызналася, што ейнага сына таксама арыштавалі разам зь іншымі актывістамі, і яна абурана тым, што адбывалася ў судзе. (На гэты момант сын гэтае кабеты ўжо выйшаў з-за кратаў.)

(Маладзён: ) “Я, канечне, супраць беззаконьня, якое чыніцца ў нашай краіне. У мяне дома ёсьць спадарожнікавая “талерка”, і там падаецца цалкам супрацьлеглая інфармацыя — параўнальна з тым, што паказваюць Беларускае тэлебачаньне й ОНТ”.

(Дзяўчына: ) “Мае адносіны да арыштаў такія: мой сябра таксама быў на Кастрычніцкай плошчы, цяпер ён за кратамі на Акрэсьціна знаходзіцца — арыштаваны на дзесяць сутак за тое, што папросту стаяў і змагаўся за свабоду. Я не магу пра гэта гаварыць спакойна, гэта мяне вельмі ўзрушыла. А тое, што паказваюць па тэлебачаньні, немагчыма глядзець. Таму што ўсё гэта хлусьня. Я ведаю, якія там на самой справе людзі й за што яны змагаюцца. Яны не наркаманы й алькаголікі. Гэта людзі, якія хочуць праўды”.

(Маладзён: ) “Ня знаю нічога пра гэта. Напэўна ж, іх ня так проста пасадзілі”.

(Студэнт: ) “Так, я пра арышты чуў, глядзеў па літоўскіх, украінскіх і польскіх навінах. Як я да гэтага стаўлюся? Столькі эмоцый супраць нашага рэжыму, што папросту няма слоў”.

(Сябра: ) “Так, сапраўды спрабуюць заціснуць свабоду моладзі, якая супраць гэтага ўсяго. З гэтым трэба неяк працягваць змагацца. Страшна, што студэнтаў выкідаюць з унівэрсытэтаў нізавошта. Толькі за тое, што яны хочуць нармальна жыць”.

(Сябра: ) “Калі нашых студэнтаў выганяюць, яны зьяжджаюць у іншыя краіны, і Беларусь насамрэч траціць нашу інтэлігенцыю”.

(Маладзён: ) “Ведаеце, наконт арыштаў я нічога ня чуў — наша прэса гэта хавае. Адносіны ж мае да арыштаў, канечне, нэгатыўныя. Нельга да такіх захадаў даходзіць — я лічу”.

(Спадарыня: ) “Нельга, я лічу, так душыць меркаваньне моладзі. Моладзь — наша будучыня. А тое, што іх арыштавалі, кагосьці звольнілі, кагосьці выгналі з унівэрсытэту... Цяпер кажуць, што польскія ўлады вырашылі іх давучыць. Яны, канечне, малайцы — яны вышэй аказаліся за нашы ўлады”.

(Спадарыня: ) “Я дрэнна стаўлюся да арыштаў моладзі. Разумееце, кожны чалавек мае права выказаць свой пункт гледжаньня. Уласна кажучы, бяруць толькі за тое, што ў чалавека іншы погляд на цяперашнюю сытуацыю. Я папросту не магу гаварыць, я абурана бязьмежна. Разумееце, тут ня трэба нічога парушаць, нічога зьдзяйсьняць — папросту чалавека бяруць і саджаюць за краты. Толькі таму, што ён малады, таму, што ён ішоў па вуліцы. І таму, напэўна, што ў яго іншая пазыцыя”.

(Сталы спадар: ) “Я ведаю з розных крыніцаў, што былі арыштаваны актывісты розных рухаў. І афіцыйная прапаганда кажа, што гэта былі ўсё хуліганы, злачынцы. Я думаю, што чыніцца ціск на тых, хто прыняў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі”.
XS
SM
MD
LG