Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць чыноўнікі здымаць партрэты Лукашэнкі?


Радыё Свабода На нарадзе ў пытаньнях удасканаленьня структуры кіраваньня Аляксандар Лукашэнка загадаў “прыбраць усе партрэты прэзыдэнта”. Як выконваецца гэтае распараджэньне кіраўніка Беларусі?

У менскіх кнігарнях працягваецца продаж партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. У кнігарнях “Цэнтральнай”, “Падпісныя выданьні” й “Паліткніга” партрэты кіраўніка краіны – у шырокім асартымэнце. Паводле дырэктаркі “Паліткнігі” Тацяны Клімовіч, партрэты карыстаюцца попытам:

(Клімовіч: ) “Бяруць вось такія — домікам. Бываюць партрэты, якія складаюцца домікам. І маленькія, і вялікія бяруць аднолькава, з патрэб. І простыя людзі купляюць, і арганізацыі, і нават замежнікаў многа, якія купляюць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі, прыкладна, у дзень рэалізуецца партрэтаў?”

(Клімовіч: ) “Па рознаму — і два, і тры ў дзень. За адзін раз можа быць сто экзэмпляраў куплена”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі каштуе такі вялікі партрэт?”

(Клімовіч: ) “На партрэце, па эстэтыцы, не павінна быць ніякага кошту. Ёсьць, вось побач з касай, цэньнік — асобна пазначаны цэны”.

У “Цэнтральнай” кнігарні сказалі, што арганізацыі ахвотней купляюць партрэты Аляксандра Лукашэнкі ў рамках. Самы вялікі — памеру 40 на 50 сантымэтраў — каштуе 42 тысячы рублёў. Дарэчы, у гэтай краме немагчыма набыць партрэтаў беларускіх пісьменьнікаў — іх тут папросту няма.

Ці чулі ў кнігарнях пра распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі прыбраць усе партрэты?

(Прадавачка: ) “ Пакуль яшчэ такога распараджэньня не было. Як толькі паступіць афіцыйны загад, тады мы будзем яго выконваць і прымаць да выкананьня”.

(Прадавачка: ) “Ну, гэта ж не кабінэт. Ён сказаў з кабінэтаў усё прыбраць”.

У прыёмнай міністра сельскай гаспадаркі я пацікавіўся, ці прыбраў чыноўнік партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

(Сакратарка: ) “Міністар сам жа не палезе здымаць партрэт”.

У другой прыёмнай сакратарка патлумачыла: маўляў, ува ўсіх дзяржаўных структурах прынята вешаць партрэты:

(Сакратарка: ) “Усё-такі сапраўды: ён у нас, у пэўнай ступені, як, напэўна, правадыр. І, скажам, дастойных ні пяць, ні 10 гадоў таму, ні ў бліжэйшым будучым ніхто ня бачыць. Чалавека, які хаця б набліжаецца да ягонага ўзроўню”.

Ці здымаюць партрэты Аляксандра Лукашэнкі? Кіраўнік спраў Міністэрства сельскай гаспадаркі Вячаслаў Антонаў сказаў:

(Антонаў: ) “Ня ў курсе справы, не хадзіў па кабінэтах. Мне ніхто каманды не даваў. Паверце, ніхто ніколі не даваў каманды вешаць партрэты й ніхто не даваў такой канкрэтнай каманды здымаць партрэты. Гэта ўсё стыхійна адбывалася за гэтыя гады”.

Кіраўнік ідэалягічнага Ўпраўленьня Менгарвыканаму Генадзь Курбека кажа, што гэтае даручэньне спадар Лукашэнка даў кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Генадзю Нявыгласу. Але адтуль ніякіх цыркуляраў не было. А таму, што адбываецца ў кабінэтах, спадар Курбека ня ведае:

(Курбека: ) “Папросту ня бачыў, каб насіліся з партрэтамі. Я думаю, што вісяць. Таму што, як правіла, па звычцы, трэба ж нейкія канкрэтныя каманды атрымаць. Чакаем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG