Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да турмы на Акрэсьціна працягваюць ісьці людзі


Радыё Свабода Да турмы на Акрэсьціна працягваюць ісьці людзі зь перадачамі для арыштаваных падчас акцыяў пратэсту ў Менску. Штодня тут звычайна зьбіралася больш за дзьвесьце чалавек, але цяпер колькасьць наведнікаў значна меншая.

Напярэдадні ахоўнікі раздалі большасьць пасылак з дапамогай саміх наведнікаў. Добраахвотна насіць пакункі ўзяліся Аляксандар Макаеў, Зьміцер Кудраўцаў і Аляксандар Зялко, якія самі адбылі 15 сутак зьняволеньня за ўдзел у сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам 8 сакавіка. Цяпер яны прыходзяць да турмы, каб дапамагчы сябрам, якія яшчэ застаюцца ў зьняволеньні.

(Макаеў: ) “Абстаноўка ў камэрах абсалютна братэрская. Людзі дзеляцца паміж сабой самым неабходным”.

(Зялко: ) “Тыя людзі, якія сядзелі, як ніхто, напэўна, ведаюць, што патрэбна гэтым зьняволеным. І мы спрабуем, як можам, дапамагчы тым, хто цяпе за кратамі. Таму, калі камусьці патрэбная нейкая дапамога, няхай зьвяртаюцца на мой тэлефон: 387-01-65, Зялко Аляксандар”.

(Макаеў: ) “Да мяне таксама можна зьвяртацца на мабільны тэлефон: 260-60-20”.

(Карэспандэнтка: ) “Пасьля ўсяго ці гатовыя вы яшчэ да нейкіх дзеяньняў?”

(Кудраўцаў: ) “Мяне ўсё адбытае толькі раззлавала: я згубіў працу, у мяне дзіця на ўтрыманьні — нікога гэта не цікавіла. Але запалохаць — па-мойму, тут нікога запалохаць ужо нельга. І гэткімі пасадкамі можна дамагчыся толькі адваротнага, што людзі й надалей будуць выходзіць на вуліцы, і я буду выходзіць. Гэта значыць, што ўлада дамагаецца адваротнага таму, чаго б яна хацела”.

Усе дні стаяньня каля турмы сваякам зьняволеных загадвалі прыносіць перадачы не часьцей як раз на 3—5 дзён. Аднак сваякі высьветлілі, што гэтае патрабаваньне незаконнае. Людзі спрабуюць нават жартаваць, але адначасна працягваюць абурацца дзеяньнямі ўлады.

(Спадарыня: ) “Прыйшла да брата, і да ягонай сяброўкі, і да іншых знаёмых людзей. Я палічыла — у мяне тут чалавек трыццаць такіх. Мне пашанцавала, брата нават паказалі — бледны, у розных шкарпэтках, але вочы зрабіў бадзёрыя. Перажывае кот, перажываюць два папугаі, у якіх арышт на 10 сутак, бо гаспадароў забралі. Кот нічога ня есьць, кот плача. Ну, але прынамсі ён дарослы мужчына, а тут жа сядзяць малыя дзяўчаты, зусім маладыя”.

(Спадар: ) “Тут затрыманы мой швагер. Ну што пра гэта думаць? Што паняткі Беларусь і закон — несумяшчальныя і існуюць нібыта ў двух паралельных сьветах. Проста нават словаў няма”.

(Спадарыня: ) “Я толькі хачу нагадаць, што шмат кажуць пра стабільнасьць, але стабільнасьць была і ў Асьвенціме, і Бухенвальдзе. Вось такая і ў нас стабільнасьць”.

(Спадар: ) “Гэтая ўлада трымаецца на хлусьні, нянавісьці й страху. Але мне здаецца, што людзі ўжо страцілі страх, а таму ёсьць аптымізм. Ну і яшчэ той факт, што ўлада ідзе супраць Бога. І таму яе дні, можна сказаць, сканчаюцца”.

XS
SM
MD
LG