Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў “Маладога фронту” перасьледуюць і ў сталіцы, і ў рэгіёнах


Іна Студзінская, Менск Працягваюцца ператрусы ў кватэрах сталічных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Сьледчая група Ўпраўленьня абароны канстытуцыйнага ладу й барацьбы з тэрарызмам КДБ шукае сябраў “Маладога фронту” ў рэгіёнах.

Ператрусы адбыліся ў менчукоў Сяргея Лісічонка, Аляксея Шэіна, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага. І пасьля ўчыненых вобшукаў спадароў Лісічонка, Корбана й Гарэцкага, на якіх заведзены крымінальныя справы, адвезьлі ў КДБ на допыты, узяўшы падпіскі пра замоўчваньне інфармацыі. Крымінальная справа заведзена таксама й на Зьмітра Дашкевіча, які раней быў арыштаваны на 15 сутак.

Ордэры на ператрусы падпісаны намесьнікам старшыні КДБ Віктарам Вягерам і генэральным пракурорам Пятром Міклашэвічам. Прычым, вышуквалі хлопцаў не адпаведна зь месцамі іхнае прапіскі. Відавочна, было вядома, дзе яны фактычна жывуць. Распавядае Барыс Гарэцкі.

(Гарэцкі: ) “Я пражываю ў свайго дзеда — ня там, дзе прапісаны. Яны суткі чакалі, пакуль хто-небудзь выйдзе з хаты, потым “уламіліся”, ператрусілі ўсю хату — кожную кніжачку пераглядзелі. Некалькі гадзін ішоў ператрус. Канфіскавалі штук 60 кніжак Пашы Севярынца, дробязь усялякую”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце: дакумэнты, кампутары ў вас былі?”

(Гарэцкі: ) “Не”.

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер што вам інкрымінуецца?”

(Гарэцкі: ) “Дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Ідзе сьледзтва, ёсьць сьледчая група, якая дапытвае нашых рэгіянальных сябраў. Шмат хто тэлефануе з Воршы, з Бабруйску. Хлопцам прыйшлі позвы зьявіцца заўтра, пазаўтра ў КДБ”.

Трое бабруйскіх “маладафронтаўцаў” цяпер адбываюць пакараньні ў Жодзіне й на Акрэсьціна за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Трох расшуквае КДБ. Распавядае Валер Мацкевіч з Бабруйску.

(Мацкевіч: ) “Цяпер ідзе пошук у Бабруйску чалавека (я ня буду яго называць). Яго выклікалі на допыт у КДБ. Іх цікавілі тры прозьвішчы — актывістаў “Маладога фронту”: дзе яны знаходзяцца, як іх можна знайсьці. Прынамсі, за мной некалькі дзён таксама сачылі. Таму цяпер я жыву ня дома, бо ведаю, што намерваюцца й мяне знайсьці. Яшчэ магу распавесьці пра, так бы мовіць, рэгіянальнае ўзьдзеяньне праз ваенкамат. Усім актывістам штабу Мілінкевіча, “маладафронтаўцам”, прыйшлі позвы зьявіцца ў ваенкамат — каб не была заведзена крымінальная справа”.

Выкліканы на допыты ў КДБ й актывісты “Маладога фронту” з Воршы, Магілёву.
XS
SM
MD
LG