Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Міхась Ткачоў


Уладзімер Арлоў, Менск 10.3.1942, Мсьціслаў – 31.10.1992, Менск (Эфір 29 сакавіка 2006) Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Выпускнік правінцыйнай расейскамоўнай школы Міхась Ткачоў да паступленьня на гістарычны факультэт БДУ рыхтаваўся па беларускіх падручніках, бо быў перакананы, што ў сталіцы БССР усё па-беларуску. Пагарду да роднай мовы ён сустрэне ўжо ў прыёмнай камісіі, але студэнцкія гады толькі ўмацуюць яго нацыянальнае пачуцьцё.

Мая першая сустрэча з Ткачовым адбылася пад час археалягічных раскопак, якія ён вёў у сваім родным Мсьціславе. Ад таго дня засталося адчуваньне ўпэўненасьці й камфортнасьці, якія потым заўсёды апаноўвалі побач зь ім. Вялікі, дужы, чарнявы, ён, здавалася, проста выпраменьваў гэтую ўпэўненасьць. Я думаю, што прычынай была ягоная непахісная вера ў сваю праўду, у эўрапейскую гісторыю нашай краіны, у вартасьць справы, якой прысьвяціў жыцьцё.

Вынікам яго дасьледаваньняў абарончага дойлідзтва нашых гарадоў сталі кандыдацкая і доктарская дысэртацыі на гэтую тэму, а таксама кнігі “Замкі Беларусі”, “Замкі і людзі”, “Старажытны Мсьціслаў”...

Працуючы загадчыкам катэдры ў Гарадзенскім унівэрсытэце, ён бескампрамісна бараніў ад мясцовых чыноўнікаў гістарычную забудову гораду. Справа даходзіла да зваротаў у Саўмін СССР, пасьля чаго Ткачова спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за “клевету на органы Советской власти”. Пільную ўвагу КДБ выклікаў і заснаваны зь непасрэдным удзелам Ткачова гарадзенскі гістарычна-культурны клюб “Паходня”, які зьбіраў сотні людзей на свае асьветніцкія вечарыны, якія ўсё часьцей ператвараліся ў палітычныя дыскусіі.

Вяртаньне ў 1989 годзе Ткачова ў Менск (як, дарэчы, і мой пераезд у сталіцу) адыёзная газэтка “Славянскі набат” пазьней назаве акцыяй, сплянаванай ЦРУ. Такім чынам амэрыканская выведка далучылася, у прыватнасьці, да выданьня “Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі”, што было галоўным клопатам Міхася на пасадзе галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская Энцыкляпэдыя”.

У тыя лёсавызначальныя для краіны гады Ткачоў быў у авангардзе нацыянальна-дэмакратычных сілаў: браў удзел у стварэньні “Мартыралёгу Беларусі”, уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, стаў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратычнага руху і ўзначаліў Цэнтральную раду Грамады (БСДГ).

Незадоўга да сваёй трагічна раньняй сьмерці ён казаў у інтэрвію: “Нягледзячы ні на якія адкаты, працягваю верыць у наш народ, у яго рашучасьць у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс нацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG