Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Аляксандар Дзікі


Уладзімер Арлоў, Менск 25.3.1928, в.Кузьмічы (цяпер Мядзельскі раён) – 19.6.1993, Полацак) (Эфір 25 сакавіка 2006) Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Сярод безьлічы расейскамоўных помнікаў ёсьць на новых полацкіх могілках у Задзьвіньні адзін, які змушае прыпыніцца. “Хай сьняцца сны аб Беларусі...” – выбіта на ім. Тут спачывае Аляксандар Дзікі, удзельнік паваеннага моладзевага Саюзу беларускіх патрыётаў (СБП).

Ён усьвядоміў сябе беларусам яшчэ ў сямігадовай школе ў гады нямецкай акупацыі. У Пастаўскай пэдагагічнай вучэльні, куды паступіў пасьля выгнаньня гітлераўцаў, працавалі прысланыя з усходу выкладчыкі. Яны мелі задачу вырабіць зь юных беларусаў паслухмяных расейскамоўных падданых савецкай імпэрыі. Але татальная русыфікацыя прывяла да іншага – стварэньня нелегальнай навучэнскай арганізацыі “За Беларусь”, якая аб’ядналася зь сябрамі-аднадумцамі з Глыбоцкай пэдвучэльні ў СБП.

Аляксандар стаў адным зь першых арыштаваных патрыётаў. Атрыманы ім у 1947-м прысуд быў яшчэ ня самым цяжкім: дзесяць гадоў зьняволеньня і пяць – пазбаўленьня правоў. Тады на паўднёвым усходзе Менску існаваў канцлягер “Краснае ўрочышча”, вязьні якога будавалі аўтазавод. Заліваньне катлаванаў бэтонам было прызнанае занадта лёгкай для нацыяналістаў працай і праз колькі месяцаў Дзікага зь сябрамі адправілі на вугальную шахту ў Комі АССР.

На той самай шахце, ня маючы дазволу прыехаць у Беларусь, ён мусіў застацца і разьвітаўшыся з найменьнем “зэка”. Вяртаньне на Радзіму сталася магчымым толькі пасьля выхаду на пэнсію. Адрозна ад шмат якіх сваіх таварышаў Дзікі пасьпеў дачакацца незалежнасьці. Убачыўшы на менскім Доме ўраду Пагоню, перад выявай якой некалі прысягаў на вернасьць Беларусі, ён плакаў ад радасьці. Калі Пагоню здымалі, Дзікаму ўжо сьніліся сны там, у нябеснай Беларусі.
XS
SM
MD
LG